Псалтыр 50 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Псальма Асафова. БОГ, Бог СПАДАР гукаў і прыгукаў зямлю ад усходу сонца аж да заходу.
 
Псальм Аса́па. Магутны Бог, Ягова, гаворыць, Ён кліча зямлю ад усходу сонца да ягонага захаду.

Із Сыёну, супоўнасьці харашыні, Бог зьзяў.
 
Зь Сыёну, дасканаласьці прыгажосьці, Бог зьзяе перад Сабой.

Бог наш прыйдзе, Ён не маўчыць: перад Ім цяпло жаручае, навокал Яго вялікая бура.
 
Бог наш прыйдзе, і Ён ня будзе маўчаць. Перад Ім агонь пажыральны, а вакол Яго моцная бура.

Ён гукае нябёсы згары й зямлю, судзіць люд Свой:
 
Ён гукае згары нябёсы і зямлю, каб судзіць народ Свой:

«Зьбярыце да Мяне дабрачэсьлівых Маіх, каторыя зрабілі змову з Імною пры аброку».
 
зьбярыце вы да Мяне Маіх сьвятых, якія ўчынілі са Мной Запавет пры ахвяры.

І агалосяць нябёсы справядлівасьць Ягоную, бо Бог — Ён судзьдзя. Сэля.
 
І нябёсы абвесьцяць Ягоную справядлівасьць, бо Бог ёсьць Судзьдзя. Зэля.

«Слухай, людзе Мой, а Я буду гукаць; Ізраелю! Я буду сьветчыць супроці цябе; Я Бог, Бог твой.
 
Слухай, народзе Мой, і Я буду прамаўляць, Ізраэль, і Я буду сьведчыць супраць цябе. Я ёсьць Бог, твой Бог.

Не за аброкі твае я буду ганіць цябе; усепаленьні твае кажначасна перад Імною.
 
Ня за ахвяры твае Я буду дакараць цябе, і твае цэласпаленьні заўжды перада Мною.

Я не вазьму быка з дому твайго ані казлоў з хлева твайго;
 
Ня вазьму цяляці з дому твайго ані казлоў са статкаў тваіх,

Бо Мае ўсі зьвяры лесавыя, статак на тысячах горах;
 
бо Мае ёсьць усе зьвяры ў лесе і жывёлы на тысячы гор.

Я знаю ўсі птушкі гаравыя, і тыя, што кратаюцца на полю, у Мяне.
 
Я ведаю ўсё птаства ў гарах, і зьвер польны перада Мною.

Калі б Я галадаваў, Я не сказаў бы табе; бо сьвет і ўсе, што на ім, Мае.
 
Калі б Я быў галодны, дык ня сказаў бы табе, бо Мой ёсьць сусьвет і ўсё, што яго напаўняе.

Ці Я ем мяса валоў альбо п’ю кроў козаў?
 
Ці ем Я мяса ад валоў і п’ю кроў ад казлоў?

Абрачы Богу падзяку, і заладзь абятніцы Навышняму,
 
Ахвяруй Богу падзяку і выконвай твае абяцаньні Ўсявышняму,

І гукай Мяне ў дзень бяды; Я выбаўлю цябе, і ты ўсьціш Мяне».
 
і пакліч Мяне ў дзень бяды, і Я ўратую цябе, і ты будзеш славіць Мяне.

Але бязбожнаму Бог кажа: «Нашто павядаць табе ўставы Мае і на вусны браць змову Маю?
 
А да бязбожніка Бог кажа: Чаму ты пераліча́еш Пастановы Мае і бярэш Мой Запавет у вусны твае?

Бо ты ненавідзіш навуку й кідаеш словы Мае за сябе.
 
А сам нянавідзіш выхаваньне і Словы Мае кіда́еш за сябе.

Як бачыш злодзея, ты прыяеш яму, і з чужаложнікамі дзель твая.
 
Як ты бачыш злодзея, дык ты сябруеш зь ім, і з пералюбцамі ўдзел твой.

Вуснам сваім ты даеш волю на благое, і язык твой пляцець ашуку.
 
Вусны твае ты адчыняеш на ліхое, і язык твой пляце ашу́ку.

Сядзіш і гукаеш на брата свайго, пушчаеш абмову на сына маці свае.
 
Ты сядзіш і на брата твайго намаўляеш. І супраць сына маткі тваёй ты пушчаеш абмову.

Ты гэта рабіў, і Я маўчэў; ты думаў, што Я быў такі, як ты. Я буду ганіць цябе й выкладу гэта перад ачыма тваімі.
 
Ты гэта рабіў, і Я маўчаў, дык ты падумаў, што Я такі самы, як і ты. Але Я дакару цябе і пастаўлю гэта перад вачамі тваімі.

Зразумейце ж гэта тыя, што забываецеся Бога, каб не парваў Я, і ня будзе каму выбавіць.
 
Зразумейце гэта вы, што забываеце пра Бога, каб Я ня расшмата́ў вас, а выратавальніка няма.

Хто абракае падзяку, тый сьціць Мяне; хто парадкуе дарогу сваю, таму Я пакажу спасеньне Божае!»
 
Хто ў ахвяру прыносіць падзяку, той шануе Мяне, і ўладкоўвае шлях; а Я пакажу яму выратаваньне Божае.