Псалтыр 62 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Кіраўніку хору. Подле Ідуфуна. Псальма Давідава.
 
Кіраўніку хору. Ядутуну. Псальм Давідавы.

Адно ў Богу сьцішаецца душа мая, ад Яго спасеньне мае;
 
Сапраўды, Бог ёсьць супакой маёй душы. Ад Яго — выратаваньне маё.

Адно Ён скала мая а спасеньне мае, высокі горад мой: не пахіснуся шмат.
 
Сапраўды, Ён ёсьць Скала мая і маё выратаваньне, мой няпрыступны прытулак. Я ня пахіснуся больш.

Пакуль вы будзеце нападаць на людзіну і забіваць яе? Усі вы, як сьцяна, што нахінулася, як плот павалены.
 
Дакуль вы будзеце налягаць на чалавека, як на нахíленую сьцяну, як на разбу́раны мур, і ўсе разам забіваць яго?

Яны зраджаюцца ськінуць яго з вышыні; упадабалі ману; вуснамі дабраславяць, а ў нутру сваім клінуць. Сэля.
 
Яны радзяцца, як яго сьпіхнуць з вышыні ягонай. Яны маюць задавальненьне ў ілжы. Вуснамі сваімі яны багаслаўляюць, а ўнутры праклінаюць. Зэля.

Адно ў Богу сьцішайся, душа мая, бо ад Яго надзея мая;
 
Сапраўды, (толькі) у Богу супакойвайся, душа мая! — Бо на Яго (уся) надзея мая.

Адно Ён горад мой а спасеньне мае, высокая вежа мая: не пахіснуся.
 
Сапраўды, Ён ёсьць Скала мая і маё выратаваньне, мой няпрыступны прытулак. Я ня пахіснуся.

У Богу спасеньне мае а чэсьць мая; моцная скала мая, прытулішча мае ў Богу.
 
У Богу маё выратаваньне і слава мая. Скала сілы маёй і прытулак мой — у Богу.

Людзе! спадзявайцеся на Яго ў кажным часе; вылівайце перад Ім сэрца свае: Бог уцёк нам. Сэля.
 
Спадзявайся на Яго ўвесь час, о народзе! Вывернеце перад Ім сэрцы вашыя! Бог ёсьць наш прытулак. — Зэля.

Адно дзьмухненьне сынове людзкія, адно брахня сынове мужоў; на вазе, калі палажыць іх, яны разам дзьмухненьне.
 
Сапраўды, марнасьць ёсьць сыны чалавечыя. Мана — сыны чалавека. Калі пакласьці іх на ва́гі, дык усе яны (лягчэй за) подзьмух.

Не спадзявайцеся на ўсілства, ня майце пустое спадзевы на глабаньне; ях багацьце павялічаецца, не прыкладайце сэрца.
 
Ня спадзявайцеся на гвалт і ня будзьце абмануты рабу́нкамі. Калі множыцца багацьце, ня прыкладайце да яго вашага сэрца.

Аднойчы Бог казаў, двойчы я чуў гэта, што сіла ў Богу,
 
Аднойчы сказаў Бог, двойчы гэта я пачуў, што сіла ў Бога,

І што ў Цябе, Спадару, міласэрдзе; бо Ты адплачуеш чалавеку подле ўчынку ягонага.
 
і Тваё, мой Госпадзе, міласэрдзе, бо Ты, Ты адплаціш кожнаму чалавеку паводля ягоных учынкаў.