Псалтыр 94 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава
Божа помсты, СПАДАРУ, Божа помсты, зьявіся!
Божа помсты, Ягова, Божа помсты, зазьзяй!
Узьніміся, судзьдзя зямлі, аддай заплату гордым.
Узьнімíся, Судзьдзя зямлі! Адплаці пыхлівым адплату!
СПАДАРУ, пакуль нягодным, пакуль нягодным вяльмувацца?
Дакуль жа бязбожнікі, Ягова, дакуль жа бязбожнікі будуць весяліцца?
Верашчэць, гукаць пыхата? усім, бяспраўе дзеючым, вяльмувацца?
Яны ўзбураюцца, гавораць дзёрзкасьць, пышаюцца ўсе ліхадзеі.
Люд Твой, СПАДАРУ, яны мяжджуляць і спадак Твой уціскаюць;
Яны топчуць народ Твой, Ягова, і яны прыгнятаюць спадчыну Тваю.
Удаве а чужаземцу робяць сьмерць, і сіроты забіваюць,
Яны забіваюць удаву́ і прыхадня; яны забіваюць сірот
І кажуць: «ЯГ не абача, і не зразумее Бог Якаваў».
і кажуць: «Ягова (гэтага) ня ба́чыць» і: «Бог Якубаў (на гэта) ня зважае.»
Зразумейце, недасьціпныя памеж люду, і дурныя, калі вы паразумнееце?
Апа́мятайцеся, (вы) бязглуздыя сярод народу! І вы няразумныя, калі вы паразумнееце?
Ці Тый, што ўсадзіў вуха, не пачуе? Тый, што ўхармаваў вока, не абача?
Той, Хто стварыў вуха, няўжо ж ня пачу́е? Той, Хто стварыў вока, няўжо ж ня ўбачыць?
Ці Тый, што зырыў паган, ня будзе ўпікаць, Тый, што вуча чалавека веданьня?
Ці Той, Хто настаўляе паганаў, хíба Ён ня стане выкрываць, Той, Хто вучыць чалавека разуменьню?
СПАДАР ведае думкі чалавека, што яны пустыя.
Ягова ведае думкі чалавека, што яны марныя.
Дабраславёны муж, каторага казьнера ЯГ і права Свайго навучае яго,
Шчасьлівы ёсьць чалавек, якога Ты навучаеш, Ягова, і якога Ты вучыш Закону Твайму,
Каб супакоіць яго ў дні нягоды, пакуль выкапаюць дол нягоднаму.
каб даць яму спакой у ліхія дні, пакуль выкапаюць дол бязбожніку;
Бо СПАДАР не адкіне люду Свайго і спадку Свайго не пакіне;
бо Ягова ня адкíне народ Свой і спадку Свайго ня пакíне;
Але суд зьвернецца да справядлівасьці, і ўсі пасьцівага сэрца будуць за ім.
бо суд вернецца да справядлівасьці, і ёй пасьледуюць усе шчырыя сэрцам.
Хто пастаіць за мяне на ліхадзеяў? хто стане за мяне на дзеючых бяспраўе?
Хто паўстане за мяне супраць зламысьнікаў? Хто стане за мяне супраць ліхадзеяў?
Калі б не СПАДАР быў імне памачніком, душа мая траха перабывала б у маўчаньню.
Каб ня Ягова быў мне ўспамогай, мала заставалася, і душа мая апынулася б у сьмяротным маўчаньні.
Як я казаў: «Мая нага коўзаецца», ласка Твая, СПАДАРУ, падперла мяне.
Калі я кажу: «Хістаецца нага мая», дык Міласэрнасьць Твая, Ягова, падтрымлівае мяне.
У множасьці журлівых думак у імне пацехі Твае даюць прыемнасьць душы маёй.
Пры мностве трывожных думак у сэрцы маім суцяшэньні Твае напаўнялі душу́ маю Тваёй падтрымкай.
Ці прыязьньства з Табою мае мець седава бяспраўя, каторае крыўды тарнуе да права?
Ці можа быць зьвязаны з Табою пасад пагібелі, які намышляе бяду праз Закон?
Яны зьбіраюцца на душу справядлівага й вінуюць кроў нявінную.
Яны зьбіраюцца разам супраць душы справядлівага і асуджваюць кроў нявінаватую.
І быў СПАДАР імне горадам, і Бог мой скалаю прытулішча майго;
Але Ягова стаўся мне высокай цытадэльлю, Бог мой — скалой майго прытулку.
І Ён паверне на іх бяспраўе іхнае, і ў нягоднасьці іхнай адатнець іх, адатнець іх СПАДАР, Бог наш.
І Ён паверне на іх іхнае бяззаконьне, і зьнішчыць іх у злосьці іхнай. Зьнішчыць іх Ягова, Бог наш.