Псалтыр 79 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава
Псальма Асафова. Божа! пагане ўвыйшлі ў спадак Твой; сплюгавілі сьвяты палац Твой; абярнулі Ерузалім у кучы;
Псальм Асапавы. Божа, пагане ўвайшлі ў Тваю спадчыну, апаганілі Тваю Сьвятую Сьвятыню, Ярузалім ператварылі ў руіны,
Трупы слугаў Тваіх аддалі на жыр птушкам нябёсным, целы дабрачэсьлівых Тваіх — зьвяром земным;
трупы рабоў Тваіх аддалі на ежу птушкам нябесным, це́лы сьвятых Тваіх дзікім зьвярам зямлі.
Разьлілі кроў іхную, як ваду, навокал Ерузаліму, і няма пахоўніка.
Яны пралілí іхную кроў, як ваду, навакол Ярузаліму, і ня было каму іх пахаваць.
Мы сталі ганьбаю суседзям сваім, грэбаваньням а пасьмехам акружаючым нас.
Мы сталі га́ньбаю суседзям нашым, пасьмешышчам і наруганьнем для тых, хто акаляе нас.
Пакуль СПАДАРУ? ці Ты будзеш гневацца назаўсёды? Ці будзе гарэць, бы цяпло, завісьць Твая?
Дакуль, Ягова, Ты будзеш гневацца бязупынна? (і) рэўнасьць Твая будзе пажыраць, як агонь?
Вылі гнеў Свой на народы, што ня знаюць Цябе, і на каралеўствы, што ня гукаюць імені Твайго;
Вылі гнеў Твой на пага́наў, якія Цябе ня ведаюць, на каралеўствы, якія Імя Тваё ня прызываюць,
Бо пажэрлі Якава й сялібу ягоную спустошылі.
бо яны зжэрлі Якуба і жытло ягонае спустошылі.
Не ўспамінай нам бяспраўяў першых нашых; няхай спагадлівасьць Твая ўборзьдзе пярэйме нас, бо мы пагалелі.
Ня ўспомні нам грахоў (нашых) папярэднікаў. Як хутчэй хай сустрэнуць нас Твае спачуваньні, бо мы вельмі (бедныя і) паніжаныя.
Памажы нам, Божа спасеньня нашага, дзеля славы імені Свайго; выбаў нас і даруй грахі нашы дзеля імені Свайго.
Дапамажы нам, Божа збаўленьня нашага, дзеля Славы Імя Твайго. Вызвалі нас і даруй нам грахі нашыя дзеля Імя Твайго.
Нашто б народы казалі: «Ідзе ё Бог іх?» няхай стане ведамнаю перад ачыма нашымі памеж народаў помста за разьлітую кроў слугаў Тваіх.
Дзеля чаго казаць паганам: «дзе Бог іхны?» Хай Ён стане вядомым сярод паганаў; сярод паганаў перад вачыма нашымі (цераз) помсту за пралітую кроў Ягоных слугаў.
Няхай прыйдзе перад від Твой уздых вязьняў; вяліччам пляча Свайго захавай сыноў сьмерці,
Хай прыйдзе прад Аблічча Тваё стогн вязьня. Паводля велічы Пляча Твайго Ты захавай сыноў сьмерці.
І зьвярні ў сем рэдзяў суседзям нашым у вулоньне ім ганьбеньне іхнае, якім яны ганьбілі Цябе, Спадару!
І вярні нашым суседзям сямікроць у ўлоньне іхнае іхную зьнявагу, чым яны Цябе зьнява́жылі, мой Госпад.
А мы, люд Твой і авечкі пасты Твае, будзем дзякаваць Табе на векі, ад пакаленьня ў пакаленьне будзем вылічаць хвалу Тваю.
А мы, Твой народ і авечкі Тваёй пасты, будзем вечна вызнаваць Табе хвалу, з пакаленьня ў пакаленьне пераказаваць хвалу Тваю.