Псалтыр 115 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Ня нам, СПАДАРУ, ня нам, але імені Свайму дай чэсьць, дзеля міласэрдзя Свайго, дзеля праўды Свае.
 
Ня нам, Ягова, ня нам, але Імю Твайму дай Ты Славу, дзеля Міласэрнасьці Тваёй, дзеля Праўды Тваёй!

Нашто пагане кажуць: «Ідзе ж цяпер Бог іхны?»
 
Чаму паганам казаць: «Дзе Бог іхны цяпер?»

Але Бог наш на нябёсах, усе, што Ён зыча, робе.
 
Але Бог наш — у нябёсах. Усё, што Ён жадае, Ён робіць.

Балваны іхныя срэбныя а залатыя, работа рук людзкіх.
 
Іхныя бажкі ёсьць срэбра і золата, творы рук чалавечых.

Вусны ў іх, але ня гукаюць; вочы ў іх, але ня бачаць;
 
Яны маюць вусны, але ня гавораць. Яны маюць вочы, але ня бачаць.

Вушы ў іх, але ня чуюць; нос у іх, але ня нюхаюць;
 
Яны маюць вушы, але ня чуюць. Яны маюць нос, але ня маюць нюху.

Рукі ў іх, але ня шчупаюць; ногі ў іх, але ня ходзяць; і ня гучаць грытанкаю сваёю.
 
Яны маюць рукі, але ня могуць абма́цаць. Яны маюць ногі, але ня могуць хадзіць. І горлам сваім яны ня даюць ніякага гуку.

Падобнымі да іх хай стануць тыя, што вырабляюць іх, кажны, што спадзяецца на іх.
 
Хай будуць падобнымі да іх тыя, хто іх робіць, (і) усе, хто на іх спадзяецца.

Ізраелю! спадзявайся на СПАДАРА: помач ім а шчыт іхны Ён.
 
Ізраэлю, ты спадзявайся на Ягову! Ён ёсьць іхная дапамога і іхны шчыт.

Доме Ааронаў! спадзявайцеся на СПАДАРА: помач ім а шчыт іхны Ён.
 
Дом Агарона, Ты спадзявайся на Ягову! Ён ёсьць іхная дапамога і іхны шчыт.

Вы, што баіцеся СПАДАРА, спадзявайцеся на СПАДАРА: помач ім а шчыт іхны Ён.
 
Вы, што баіцеся Яговы, спадзявайцеся на Ягову! Ён ёсьць іхная дапамога і іхны шчыт.

СПАДАР памятуе нас, будзе дабраславіць, будзе дабраславіць дом Ізраеляў, будзе дабраславіць дом Ааронаў,
 
Ягова помніць нас. Ён будзе багаслаўляць, багаслаўляць дом Ізраэля, багаслаўляць дом Агарона.

Падабраславе тых, што баяцца СПАДАРА, малых і вялікіх.
 
Ён будзе багаслаўляць тых, што баяцца Ягову, малых разам зь вялікімі.

Хай дадасьць СПАДАР вам, вам а дзяцём вашым.
 
Хай дадасьць вам Ягова, вам і дзецям вашым.

Дабраславёныя вы СПАДАРОМ, Каторы ўчыніў нябёсы й зямлю.
 
Багаславёныя вы Яговай, Які стварыў нябёсы і зямлю.

Нябёсы — нябёсы СПАДАРОВЫ, а зямлю Ён аддаў сыном людзкім.
 
Нябёсы ёсьць нябёсы Яговы, а зямлю Ён аддаў сынам чалавечым.

Мертвыя ня хваляць ЯГ ані зыходзячыя да маўчаньня;
 
Ня мёртвыя славяць Ягову ані ўсе тыя, што сыходзяць у маўчаньне сьмерці.

Але мы будзем дабраславіць ЯГ адгэтуль аж на векі. Галілуя.
 
Але мы будзем багаслаўляць Ягову ад сёньня і ў вякі вякоў. Хваліце вы Ягову!