Ёва 28 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Сапраўды, срэбра мае пачаткі жылаў, і ёсьць месца для золата, дзе яго ачышчаюць.
Бо ё жарало срэбра, і месца на золата, ідзе ачышчаюць.
Жалеза здабываецца з парахна, і з каменя топіцца медзь.
Зялеза дастаюць ізь зямлі, а з руды літуюць медзь.
[Чалавек] паставіў мяжу цемры, і дасьледуе ўсё да краю, і [шукае] камяні ў цемры і ценю сьмерці.
Ён азначае канец цемні і супоўна скумае камень цемры й сьмяротнага сьценю.
Капаюць капальні там, дзе не хадзілі ногі, зыходзяць у глыбіню, вісяць і хістаюцца далёка ад людзей.
Прабіваецца рака ад месцаў жыхараў, забытых нагамі; яны зьбяднелі і ад людзёў туляюцца.
Зямля, з якой хлеб вырастае, у глыбіні перавернута, як агнём.
Зямля, — зь яе паходзе хлеб, а пад ёй парыта бы цяплом.
Камяні ейныя — месца шафіра, і пясок золата ў ёй.
Камяні яе — месца шафіру, і пыл золата ў ёй.
Драпежная птушка ня ведае сьцежкі [туды], і ня бачыць яе вока арла.
Сьцежкі ня ведае дзярлівая птушка, і ня бачыла яе вока каршуна;
Не тапталі яе сыны пыхлівасьці, і не праходзіў па ёй леў.
Не тапталіся па ёй сынове пыхі, і не пераходзіў яе стары леў.
Выцягвае [чалавек] руку сваю на крэмень, і пераварочвае горы да падножжа.
На крэмень наложа руку сваю і перакуляе горы з каранямі.
У скалах высякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае.
Ён высякае каналы ў скалах, і кажную дарагую рэч бача вока ягонае.
І спыняе ён цячэньне рэк, і скарбы выдабывае на сьвятло.
Ён зьвязуе рэкі, каб не разьліваліся, і схаванае выносе на сьвятліню.
Але дзе знаходзіцца мудрасьць, і дзе месца розуму?
Але мудрасьць, ідзе знайсьці яе? і йдзе месца розуму?
Чалавек ня ведае туды дарогі і не знаходзіць яе на зямлі жывых.
Ня ведае чалавек цаны яе, і яе не знаходзяць на зямлі жывых.
Бездань кажа: “Няма яе ў-ва мне”, і мора кажа: “Няма яе ў-ва мне”.
Бяздоньне кажа: "Ня ў імне яна", і мора кажа: "Не ў мяне!"
Не даецца яна за золата і не здабываецца яна за вагу срэбра.
Ня можна даць шчырага золата за яе, і срэбра ня можа быць адважана за цану яе.
Ня плаціцца за яе ані золатам Афіру, ані каштоўным оніксам або шафірам.
Не цануюць яе золатам Офірскім, ані дарагім аніксам, ані шафірам.
Не раўняецца да яе золата і шкло, не замяніць яе на посуд залаты.
Не раўня ёй золата а крышталь, і не мяняюць яе на судзьдзе із шчырага золата.
Каралі і крышталь ня ўзгадваюцца [пры ёй]; цана мудрасьці — большая за пэрлы.
Караляў а пэрлаў і менаваць няма чаго, цана мудрасьці вышэй за рубіны.
Ня варты яе тапаз з Кушу, і золатам чыстым не ацэніш яе.
Не раўня ёй топаз Ефіопскі; шчырым золатам не цануюць яе.
Адкуль паходзіць мудрасьць, і дзе месца розуму?
А мудрасьць скуль паходзе? і йдзе месца розуму?
Схаваная яна ад вачэй усіх жывых, птушкам нябесным невядомая.
Схавана яно ад ачоў усяго жывучага і ад птушак нябёсных затоена.
Абадон і сьмерць кажуць: “Вушамі нашымі мы чулі пра славу яе”.
Загіна а сьмерць кажуць: "Вушмі нашымі чулі мы галасы празь яе".
Бог разумее шлях яе, і Ён ведае месца ейнае.
Бог цяме дарогу яе, і Ён ведае месца яе;
Бо Ён разглядае краі зямлі, і бачыць усё, што пад небам.
Бо Ён глядзіць на канцы зямлі, бача пад цэлым небам.
Калі даваў Ён сілу ветру і ўсталёўваў водам берагі,
Як Ён ветру прызначаў вагу і ўладзіў ваду подле меры,
калі даваў закон дажджам, і шлях грымоту і маланцы,
Як азначаў права дажджу й дарогу маланьні грымотнай;
тады бачыў Ён яе, і выявіў, і ўмацаваў яе, і дасьледаваў яе.
Тады Ён бачыў яе і агаласіў яе; Ён устанавіў яе, і спрабаваў яе.
І сказаў Ён чалавеку: “Страх перад Госпадам — гэта мудрасьць; а пазьбягаць зла — розум”».
І сказаў чалавеку: "Вось, боязьнь Спадарова — гэта мудрасьць, і адвярненьне ад ліха — розум"».