Ёва 8 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І адказаў Більдад з Шуаху, і сказаў:
 
І адказаў Вілдад Шугянін, і сказаў:

«Як доўга ты будзеш так гаварыць? Словы вуснаў тваіх — як вецер гвалтоўны.
 
«Пакуль ты будзеш гукаць гэтак? і вялікі вецер словы вуснаў тваіх!

Ці ж Бог перакручвае суд? Ці Усемагутны перакручвае праведнасьць?
 
Нягож Бог перакручуе суд, і Ўсемагучы перакручуе справядлівасьць?

Калі сыны твае саграшылі супраць Яго, дык Ён аддаў іх у рукі злачыннасьці іхняй.
 
Калі сынове твае ізграшылі перад Ім, то Ён і аддаў іх у рукі бяспраўя іхнага.

Аднак, калі ты на сьвітаньні зьвернешся да Бога і будзеш маліць Усемагутнага,
 
Калі ты глядзіш золкам Бога й моліш Усемагучага,

і калі будзеш чысты і праведны, Ён сустрэне цябе і дасьць табе супакой паводле праведнасьці тваёй.
 
І калі ты чысты а пасьцівы, тады Ён прачхнецца дзеля цябе і надгародзе цябе справядліваю сялібаю;

І хоць былі малыя пачаткі твае, канец твой будзе вельмі вялікі.
 
І калі спачатку было ў цябе мала, то пасьлей будзе вельмі шмат.

Распытай пакаленьні даўнейшыя і зваж на досьвед бацькоў тваіх,
 
Бо папытайся, калі ласка, у мінулых пакаленьняў і прыгатуйся да скуманьня сваіх айцоў;

бо мы — учора [нарадзіліся] і мала ведаем, бо дні нашыя на зямлі — быццам цень.
 
А мы ўчорашнія, і нічога ня ведаем, бо сьцень дні нашыя на зямлі.

А яны навучаць цябе, і скажуць табе, і ад сэрца свайго скажуць слова табе.
 
Ці яны не навучаць цябе, скажуць табе і ад сэрца свайго выкажуць словы.

Ці ж можа расьці трысьнёг бяз вільгаці, або чарот без вады?
 
Ці падыймаецца папірус без балота? ці расьцець трысьнік без вады?

Ён яшчэ квітнее і не сарваныя рукой кветкі ягоныя, але ён сохне раней за ўсю траву.
 
Не зразаны ў квеце, уперад за ўсялякае зяленіва, вяне.

Такі шлях усіх, якія забываюцца пра Бога, і надзея бязбожнага загіне.
 
Гэткія сьцежкі ўсіх забываючых Бога; і надзея падлыжніка загіне;

Надзея яго ценькая, як нітка, пэўнасьць ягоная — як павуціньне.
 
Спадзева падцята, і пэўнасьць яго — дом павукоў.

Абапрэцца ён на дом свой, але той не ўстаіць, схопіцца за яго, але ён не ўтрымаецца.
 
Абапрэцца аб дом свой, і ня ўстое; схопіцца за яго, і ня ўдзержыцца,

Зелянее ён на сонцы і выпускае галінкі свае,
 
Вагкі ён на сонцу, за сад выцягнецца гольле ягонае;

і ў купу камянёў запускаюцца карані ягоныя, і паміж камянёў ён вырас.
 
У крушню ўплятаецца карэньне ягонае, каменны дом аглядае.

А калі вырвуць яго з месца ягонага, адрачэцца яно ад яго: “Ня ведаю я цябе”.
 
Але калі выкараняць яго зь месца ягонага, яно адмовіцца ад яго: "Я ня бачыла цябе!"

Такая вось радасьць шляху ягонага, а з пылу вырастаюць іншыя.
 
Вось гэта радасьць дарогі ягонае! а ізь зямлі растуць іншыя.

Бог не адкіне нявіннага і ня дасьць рукі ліхотнікам.
 
Бач, Бог ня брыдзіцца беззаганным і не паддзержуе рукі ліхадзеяў.

Ён напоўніць вусны твае сьмехам, і губы твае — радасным ускліканьнем.
 
Ён яшчэ напоўне сьмехам рот твой і вусны твае радасным гуканьням.

Тыя, што ненавідзяць цябе, асаромяцца, і не ўстаіць намёт бязбожных».
 
Ненавідзячыя цябе апрануцца ў сорам, і будану нягодных ня будзе».