Ёва 36 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І працягваў Элігу, і сказаў:
 
І далей гукаў Елігу, і сказаў:

«Пачакай мяне трохі, і я пакажу табе, што маю яшчэ словы пра Бога.
 
«Патрывай імне крыху, і я пакажу табе, бо яшчэ ё ўзглядам Бога словы.

Пачну здалёк навучаньне маё, і Творцу майму аддам праведнасьць.
 
Прынясу веданьне свае здалеку і аддам справядлівасьць Учыніцелю свайму;

Бо праўдзівыя і без падману словы мае, і з табою я дасканалы ў веданьні.
 
Бо запраўды не манлівыя словы мае, з табою дасканальны ў веданьню.

Вось, Бог магутны і не адкідае нікога, Ён магутны моцай сэрца.
 
Вось, Бог магучы, але ня грэбуе. Ён магучы сілаю сэрца.

Ён не дае жыць бязбожніку, але дае суд убогаму.
 
Ён не ажыўляе нягоднага, але права ўбогім даець.

Не адварочвае Ён ад праведных вачэй Сваіх, але саджае іх з валадарамі на пасадзе назаўжды, і яны ўзвышаюцца.
 
Ён не адварачае ад справядлівага аччу Сваіх, але з каралямі на пасадзе садзе іх навекі і вывышае іх;

І калі яны закаваныя ў кайданы і зьвязаныя путамі гора,
 
І калі яны спутаны зялезьзям, і ўзяты ў палон паварозамі гароты,

Ён паказвае ім учынкі іхнія і злачынствы іхнія, што яны памножыліся.
 
Тады Ён азнаймляе ім іхны ўчынак і іхныя выступы, бо яны ўмацаваліся.

І Ён адкрывае вуха іхняе, каб навучыць іх, і гаворыць ім, каб адвярнуліся ад ліхоты.
 
Адкрывае вушы іхныя да навукі й кажа, каб яны адвярнуліся ад бяспраўя.

Калі паслухаюцца і будуць служыць Яму, яны пражывуць дні свае ў дабрабыце і гады свае — у прыемнасьці.
 
Калі паслухаюць і будуць служыць Яму, то скончаць дні свае ў дабрабыце і гады свае ў любаце.

А калі не паслухаюцца, тады загінуць ад дзіды і памруць з нястачы веданьня.
 
Але калі ня слухаюць, то будуць зьнішчаны мячом і сканаюць бязь сьведам’я.

Крывадушнікі складаюць гнеў у сэрцы сваім і ня клічуць [Бога], калі Ён закоўвае іх [у кайданы].
 
Двудушныя сэрцам зьбіраюць гнеў; яны ня крычаць, бо Ён зьвязаў іх.

У марнасьці памірае душа іхняя і жыцьцё іхняе між распусьнікамі.
 
Паміраюць у маладосьці душы іхныя, і жыцьцё іхнае меж бязуляў.

Ён ратуе ўбогага з уціску ягонага і адкрывае вуха ягонае ў трывозе.
 
Ён вывальняе зьбедаваных ізь бяды іхнае, і адкрывае вушы іхныя ў нядолі.

Таксама цябе Ён выбавіць з цясноты на прастору, дзе няма ўціску, і будзе поўнае тлушчу ўсё на стале тваім.
 
Ён нават цябе вывеў бы з уціску на прастору, няма сьціску там, і стаўлянае на стол твой было б поўнае туку.

Але ты поўны меркаваньняў бязбожных, і чакаюць цябе суд і вырак.
 
І судам нягоднікавым ты поўны; суд а справядлівасьць падпіраюць цябе.

Няхай не зьвядзе цябе гнеў, і вялікі выкуп няхай ня скрывіць [шляхоў] тваіх.
 
Бо ё гнеў, глядзі, каб ня вывеў цябе вытням; і вялікі выкуп не адхінець цябе.

Ці ў няшчасьці крык твой дапаможа або намаганьні сілы тваёй?
 
Ці зважа Ён на багацьце твае? Ані на золата, ані на ўсю магутнасьць сілы.

Не жадай тае ночы, калі народы паднімаюцца з месцаў сваіх.
 
Не жадай тае ночы, калі люды будуць узьняты зь месца свайго.

Сьцеражыся, каб не зьвярнуўся да злачынства, бо праз яго ты спазнаеш гора.
 
Сьцеражыся, ня сьхінайся да бяспраўя, бо яго ты валей абраў чымся гароту.

Вось, Бог узьвялічаны ў моцы Сваёй. Які настаўнік падобны да Яго?
 
Вось, Бог высокі магутнасьцю Сваёй; хто падобны да Яго вучыцель?

Хто можа вызначыць шляхі Ягоныя? І хто можа сказаць Яму: “Ты ўчыніў зло”?
 
Хто прызвачыў Яму дарогу Ягоную альбо хто можа сказаць: "Ты зрабіў крыўду"?

Памятай, каб услаўляць учынкі Ягоныя, пра якія сьпяваюць людзі.
 
Памятуй узьвялічаць справу Ягоную, каторую людзі аглядалі.

Усе людзі бачаць гэта, кожны прыглядаецца здалёк.
 
Кажны чалавек аглядае яе; людзіна прыглядаецца да яе здалеку.

Вось, Бог вялікі і перавышае веданьне нашае; лік гадоў Ягоных — неаблічальны.
 
Вось, Бог высокі й нязнаны; лік год Ягоных няскумальны.

Ён зьбірае кроплі вады, і падаюць яны дажджом з хмары Ягонай.
 
Ён зьбірае каплі вады, Ён сточуе мыглу Сваю ў дождж,

Яны цякуць з хмараў і выліваюцца на многіх людзей.
 
Каторы нябёсы ільлюць далоў і капаюць на чалавека ў множасьці.

Хто можа разумець разьлегласьць аблокаў і грымоты намёту Ягонага?
 
Ці можа спатачыць хто пашырэньне булакоў, грукат будану Ягонага?

Вось, Ён расьцягнуў вакол Сябе сьвятло Сваё і закрывае глыбіні мора.
 
Вось, Ён пашырае сьвятліню на яго й пакрывае карані мора;

Адтуль Ён судзіць народы, і шчодра корміць іх.
 
Бо гэтым Ён судзе люды, даець еміну ў множасьці.

У руках Сваіх Ён трымае маланку і загадвае ёй, куды цэліць.
 
Ён пакрывае сьвятло далонямі Сваімі і расказуе яму праз сустрэчы.

Грукат ейны паведамляе пра яе, нават статкі адчуваюць прыход яе.
 
Агалашае Яго грукат Ягоны, і статак таксама празь Яго ўзыход.