Ёва 16 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І адказаў Ёў, і сказаў:
 
І адказаў Ёў, і сказаў:

«Часта я чуў такія рэчы! Усе вы — марныя пацяшыцелі.
 
«Чуў я шмат такога; мізэрныя пацяшыцелі вы ўсі.

Ня маюць канца пустыя словы, і што змусіла цябе так адказваць?
 
Ці будзе канец шувейным словам? і што квеле цябе, што ты гэтак адказуеш?

І я падобна як вы гаварыў бы, калі б было ў душы вашай тое, што ў маёй. І вёў бы я пра вас гаворку, і ківаў бы на вас галавой сваёй,
 
І я мог бы таксама гукаць, як вы, калі б душа вашая была на месцу душы мае; прылучыўся б да вас мовамі й ківаў бы на вас галавою сваёю;

і падбадзёрваў бы вас вуснамі сваімі, і ня стрымліваў бы губы свае.
 
Сіліў бы вас вуснамі сваімі і рухам вуснаў ціхамірыў бы ваш боль.

Калі буду гаварыць, не суцішу болю майго, і калі замаўчу, не адыйдзе ён ад мяне.
 
Як я гукаю, не ціхамірыцца боль мой; як перастану, не адыходзе ад мяне.

Цяпер замучыў мяне боль мой, спустошыў усю грамаду маю.
 
Але, цяпер Ён стамаваў мяне, Ён разбурыў усе таварыства мае.

Зморшчкі мае сьведчаць супраць мяне, паўстае слабасьць мая супраць мяне, дакараючы мяне.
 
Ты зрабіў імне маршчакі, і яны сьветчаньням сталі супроці мяне; паўстаець на мяне хуцзіня мая, сьветча перад відзеньням маім.

Гнеў ягоны разрывае і б’е мяне, скрыгоча зубамі сваімі на мяне. Вораг мой утаропіў вочы свае на мяне.
 
Ён ірваў мяне ў гневе Сваім і ненавідзіў мяне; скрыгатаў зубамі Сваімі на мяне; праціўнік мой войстра вочы Свае на мяне.

Яны разьзявілі на мяне пашчы свае, і, лаючыся, б’юць мяне па твары, і зьбіраюцца разам супраць мяне.
 
Разявілі на мяне раты свае; зьдзекуючыся, б’юць мяне поўху; усі зьберліся супроці мяне.

Аддаў мяне Бог злачынцы, у рукі ліхадзеяў выдаў мяне.
 
Аддаець мяне Бог бязбожнаму і кідае мяне ў рукі нягоднага.

Я быў спакойны, але Ён устрос мяне, схапіў мяне за шыю і раструшчыў мяне, і зрабіў мяне як цэль для Сябе.
 
Я быў супакойны; але Ён зламіў мяне, схапіў мяне за завыек, і зьмяжджуліў мяне, і пастанавіў мяне мэтаю Сабе.

Акружылі мяне лучнікі Ягоныя, Ён разрывае ныркі мае і, не шкадуючы, жоўць маю выліў на зямлю.
 
Абступілі мяне стралцы Ягоныя; Ён расьцінае адкрытыя ныркі мае і не жалее; выліў на зямлю жоўць маю.

Ён робіць у-ва мне вылом за выломам, бяжыць на мяне, як волат.
 
Ломе ў імне вылам за выламам; бяжыць на мяне, як дужасіл.

Зрэбніцу апрануў я на скуру маю і схіліў да зямлі галаву маю.
 
Я пашыў зрэбніну на скуру сваю і ў пыл палажыў рог свой.

Твар мой пачырванеў ад плачу, вочы мае агарнуў цень сьмяротны,
 
Від мой чырвоны ад плачу, і на веках маіх сьмяротны сьцень,

хоць рукі мае ня сквапныя, і чыстая малітва мая.
 
Хоць няма ўсілства ў руках маіх, і малітва мая чыстая.

О, зямля! Не закрый крыві маёй, і няхай лямант мой не замаўчыць у табе.
 
Зямля не пакрый крыві мае, і хай ня будзе месца галашэньню майму.

Бо вось, цяпер у небе Сьведка мой, і Заступнік мой — на вышынях.
 
І цяпер, вось, на нябёсах Сьветка мой, і Паручнік мой на вышынях!

Насьміхаюцца нада мною бліжнія мае, да Бога ліе сьлёзы вока маё.
 
Прыяцелі мае — насьміханьні мае; мае вока ільлець сьлёзы да Бога.

О, каб чалавек мог судзіцца з Богам, як судзіцца сын чалавечы з бліжнім сваім,
 
О, каб мог прававацца муж із Богам, як чалавек із прыяцелям сваім!

бо мінуць палічаныя гады, і я пайду шляхам, з якога няма вяртаньня.
 
Бо лічаныя гады прыходзяць, і сьцежкаю, скуль не зьвярнуся, я пайду.