Ёва 35 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І адказаў Элігу, і сказаў:
І адказаў Елігу, і сказаў:
«Што ты лічыш слушным, калі ты сказаў: “Праведнасьць мая большая, чым у Бога”?
«Ці гэта ты ўважаеш за справядлівасьць, што ты сказаў: "Я справядліўшы за Бога"?
Бо ты сказаў: “Што за карысьць мне і што я атрымаю з гэтага, чым калі б я грашыў?”
Дык ты кажаш: "Якая карысьць табе? Якая выгранка імне перад тым, як калі б я й грашыў?"
Я адкажу табе словамі, і сябрам тваім з табою.
Я адкажу табе словамі і прыяцелям тваім із табою:
Паглядзі на неба і пабач; паглядзі на аблокі, яны вышэйшыя за цябе.
Глянь на нябёсы й абач; і глядзі на булакі, каторыя вышшыя за цябе.
Калі ты саграшыш, што зробіш ты Яму? І калі грахі твае памнажаюцца, чым ты зашкодзіш Яму?
Калі ты грэшыш, што чыніш ты Яму? і калі выступы твае множацца, што зробіш ты Яму?
А калі будзеш праведны, што дасі Яму? Або што Ён атрымае з рукі тваёй?
Калі ты справядлівы, што даеш Яму, альбо што Ён із рукі твае можа ўзяць?
Чалавеку, падобнаму да цябе, ліхота твая [шкодзіць], а праведнасьць твая [патрэбна] сыну чалавечаму.
Нягоднасьць твая датыкаецца да людзіны, як ты, і справядлівасьць твая да сына людзкога.
Ад мноства прыгнятальнікаў яны галосяць, з прычыны [цяжкага] рамяна моцных.
Ад множасьці глабаньня крычаць і ад рукі дужых галосяць;
Але [ніхто] ня кажа: “Дзе ж Бог, Які стварыў мяне, Які дае сьпевы ўначы,
Але ніхто ня кажа: "Ідзе Бог, Стварыцель мой, Каторы даець песьні ночы,
Які вучыць нас болей, чым жывёлаў зямных, і больш, чым птушак нябесных, робіць нас мудрымі?”
Каторы болей нас вуча, чымся жывёлу земную, і чыне мудрэйшымі нас, чымся птушкі нябёсныя?"
Там яны лямантуюць, але Ён не адказвае ім з прычыны пыхлівасьці злачынцаў.
Там яны галосяць, але Ён не адказуе, з прычыны гордасьці благіх людзёў.
Толькі марноты ня слухае Бог і ня бачыць Усемагутны.
Напэўна Бог ня слухае пустога галашэньня, ані Ўсемагучы не глядзіць на яго.
Хоць ты сказаў, што ня бачыш Яго, разгляд [справы] — перад абліччам Ягоным, і ты чакай на Яго.
Хоць ты кажаш, што ня бачыш Яго; але суд ё ў Яго, і жджы Яго.
І цяпер, калі не палае гнеў Ягоны, Ён не зважае зашмат на нягоднасьць.
І цяпер, затым што Ён не даведаўся гневам Сваім і ня вельма хацеў знаць пыхі іхнае,
Надарма Ёў адчыніў вусны свае і множыць прамовы бяздумныя».
Ёў дарма адчыніў вусны свае і бязь веданьня множа словы».