Выслоўяў Саламонавых 10 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Прыпавесці Саламонавы. Мудры сын — радасць бацьку, а бязглузды сын — гора для маці сваёй.
Прыказі Салямонавы. Сын мудры вяселе айца, але сын дурны — цяжар маці сваёй.
Ніяк не дапамогуць бязбожныя скарбы, а справядлівасць душу выратуе ад смерці.
Не даюць карысьці скарбы нягоднасьці, але справядлівасьць вывальняе ад сьмерці.
Не пашкодзіць Госпад голадам справядліваму, а хцівасць бязбожнікаў знішчыць.
Ня дасьць СПАДАР галадаваць душы справядлівага, але меньне нягодных адкіне.
Лянівая рука ўтварае беднасць, а рука працавітых падрыхтоўвае багацце.
Леная рука бядніць, а рука ўлеглых багаціць.
Той сын мудры, хто збірае ў жніво, а хто храпе ўлетку — сын шалапутны.
Зьбіраючы ўлетку — сын мудры, сьпячы ў жніво сын сарамаціць.
Дабраславенні Госпадавы — на галаве справядлівага, а вусны бязбожнікаў хаваюць лютасць.
Дабраславенствы на галаву справядлівага, але вусны нягодных пакрывае ўсілства.
Памяць справядлівага будзе ў дабраславенні, а імя бязбожнікаў сатлее.
Памятка справядлівага дабраславёная, а імя нягодных зьвяне.
Мудры сэрцам прымае пастановы, а бязглузды загіне праз вусны.
Мудрае сэрца прыйме расказаньні, але пустамлён зваліцца стрым галаву.
Хто ходзіць прама, той ходзіць вечна; а хто крывіць дарогі свае, будзе выкрыты.
Хто ходзе беззаганна, ходзе бясьпечна, але хто выкрыўляе дарогі свае, будзе пазнаны.
Хто міргае вокам, той прынясе боль, а бязглузды вуснамі загубіць.
Хто міргае ачыма, прычыняе смутак, але пустамлён зваліцца стрым галаву.
Вусны справядлівага — крыніца жыцця, а вусны бязбожнікаў хаваюць лютасць.
Вусны справядлівага — жарало жыцьця, але вусны нягодных пакрывае ўсілства.
Нянавісць выклікае сваркі, а любоў пакрывае ўсе грахі.
Ненавісьць раздзьмухае вады, але любосьць пакрывае ўсі грахі.
У вуснах мудрага знаходзіцца мудрасць, а розгі — на спіне таго, хто не мае сэрца.
На вуснах разумнага мудрасьць, але дубец на сьпіне ў тога, каму не стаець мудрасьці.
Мудрыя зберагаюць веды, а вусны бязглуздага — блізкія да пагібелі.
Мудрыя заховуюць веду, але вусны дурных блізка згубы.
Маёмасць багатага — горад крэпасці яго; пагібель бедных — беднасць іх.
Багацьце багатыра — моцнае места ягонае, згуба беднаму — беднасьць ягоная.
Праца справядлівага — на жыццё, а плады бязбожніка — на грэх.
Работа справядлівага — на жыцьцё, прыбытак нягоднага — на грэх.
Хто беражэ настаўленне — ідзе да жыцця, а хто адхіляе папрокі — блукае.
На дарозе жыцьця тый, хто дбае праз навуку, але хто адхінае ўпікі — блудзе.
Ілжывыя вусны хаваюць нянавісць, а хто зневажае — той неразумны.
Хто хавае ненавісьць, у тога манлівыя вусны, і хто пашырае абмову, тый дурны.
У шматслоўнасці не будзе недахопу ў грахах, а той, хто ўтрымлівае вусны свае, — самы разважлівы.
У множасьці слоў не перастаець быць выступ, але мудры ўзьдзержуе вусны свае.
Мова справядлівага — адборнае срэбра; сэрца ж бязбожнікаў — нічога не вартае.
Выборнае срэбра — язык справядлівага, сэрца нягодных — малое.
Вусны справядлівага павучаюць вельмі многіх; а той, хто бязглузды, памрэ ад беднасці сэрца.
Вусны справядлівага жывяць шмат каго, але дурныя зь нястачы мудрасьці паміраюць.
Дабраславенне Госпада робіць людзей багатымі; і не будзе дабаўлена ім ніякага цяжару.
Дабраславенства СПАДАРОВА багаціць і не дабаўляе ніякага смутку сабою.
Быццам жартам бязглузды робіць злачынства, а мудрасць — для чалавека разважлівага.
Гулі дурному рабіць нягоднасьць, але мудрасьць — разумнаму.
Чаго баіцца грэшнік, тое і прыйдзе да яго, а жаданне справядлівага здзейсніцца.
Страх нягоднага нойдзе на яго, але жаданьню справядлівых будзе ўчынена досыць.
Як праносіцца віхура — так знікне бязбожнік, а справядлівы — як вечны падмурак.
Як праходзе віхор, так нямаш нягоднага, але справядлівы — вечны под.
Як укус для зубоў і дым для вачэй, так і гультай для тых, што яго паслалі.
Што воцат зубам і дым ачом, тое лены пасылаючым яго.
Страх Госпадаў дні памножыць, а гады бязбожнікаў скарацяцца.
Страх СПАДАРА множа дні, гады нягодных будуць скарочаны.
Чаканне справядлівых — радасць, а надзея бязбожнікаў загіне.
Надзея справядлівых — радасьць, а спадзева нягодных загіне.
Шлях Госпадаў — цвярдыня для чыстых сэрцам і пагібель для тых, хто робіць ліха.
Моц беззаганнаму — дарога СПАДАРОВА, але згуба дзеючым бяспраўе.
Справядлівы не пахіснецца да веку, а грэшнікі не выжывуць на зямлі.
Справядлівы на векі не пахісьнецца, але нягодныя ня будуць жыць на зямлі.
Вусны справядлівага спараджаюць мудрасць, язык крывадушны будзе вырваны.
Вусны справядлівага выказуюць мудрасьць, але манлівы язык будзе адцяты.
Вусны справядлівага бачаць прыемнае, а вусны бязбожнікаў — дрэннае.
Вусны справядлівага ведаюць, што пажадана, але вусны нягодных крутадушныя.