Выслоўяў Саламонавых 23 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Калі ты ўсеўся, каб есці з кіраўніком, назірай уважліва, што пастаўлена перад тварам тваім,
 
Як сядзеш паспытацца ежы зь дзяржаўцам, глядзі ўважліва, што перад табою;

і прыстаў нож да свайго горла, калі ты прагны.
 
І прыставіш нож да горла свайго, калі ты прагавітая душа;

Не жадай ад ежы яго, бо гэта хлеб падманны.
 
Не жадай ласонікаў ягоных, бо яны ашукны хлеб.

Не клапаціся пра багацце, але адпачывай у разважлівасці сваёй.
 
Ня рупся праз тое, каб зьберці багацьце; пакінь сваю думку:

Калі павернеш вочы свае да багацця — яго ўжо няма, бо крылы сабе прыправіць; бо зробіць яно сабе крылы, як у арла, і паляціць у неба.
 
Уцямішся на тое, і няма яго, бо напэўна прыладзе сабе крылы, паляціць, як арол, аж да неба.

Не снедай з чалавекам зайздросным і не жадай ежы яго;
 
Ня спытавай хлеба благога вока і не жадай ласонікаў ягоных;

бо, як лічыць ён у душы сваёй, — такі і сам ён. «Снедай і пі», — кажа ён табе, а розум яго — не з табою.
 
Бо як ён думае ў сэрцу сваім, такі ён: «Еж і пі», кажа ён табе, але сэрца ягонае не з табою;

Лусту, што ты з’еў, — вырыгнеш, і дарэмна растраціш прыгожыя размовы свае.
 
Лусту, каторую ты зьеў, зарвець табе, і страціш салодкія словы свае.

Не гавары ў вушы неразумных, бо пагрэбуюць яны ведамі языка твайго.
 
Ня гукай у вушы неразумнаму, бо ён пагрэбуе мудрасьцю слоў тваіх.

Не перанось даўнейшай мяжы, на ніву сірот не ўваходзь:
 
Не адсувай вечнае мяжы і не заходзь на полі сіротаў,

бо ў іх ёсць магутны Збавіцель, і Ён Сам будзе супраць цябе разбіраць справу іх.
 
Бо дужы адкупіцель іх; Ён аправе справу іхную з табою.

Прывядзі сэрца сваё да ведаў, а вушы свае — да слоў ведаў.
 
Зьвярні сэрца свае на навуку і вушы свае да слоў веды.

Не пазбаўляй юнака настаўлення; бо калі ўдарыш яго розгаю — не памрэ:
 
Ня зьдзержуйся ад зыраньня хлапца: калі ты наб’еш яго дубцом, ён не памрэць;

ты ўдарыш яго дубцом і душу яго вызваліш ад пекла.
 
Ты наб’еш яго дубцом, уратуеш душу ягоную ад шэолю.

Сыне мой, калі мудрым будзе сэрца тваё, будзе цешыцца з табою і маё сэрца,
 
Сыну мой! калі сэрца твае будзе мудрае, будзе цешыцца й сэрца мае, і таксама я;

і паясніца мая будзе радавацца, калі вусны твае будуць казаць вернае.
 
І будуць цешыцца ныркі мае, як вусны твае будуць гукаць пасьцівасьць.

Хай не зайздросціць сэрца тваё грэшнікам, але ўвесь дзень жыві ў страху Госпадавым;
 
Няхай сэрца твае не завідуе грэшнікам, але будзь ты ў боязьні СПАДАРА ўвесь дзень;

бо ёсць будучыня ў цябе, і не аднімецца твая надзея.
 
Бо як ё будучыня, то надзея твая ня будзе страчана.

Слухай, мой сыне, і будзь мудры, і роўна па дарозе накіроўвай душу тваю.
 
Слухай ты, сыну мой, і будзь мудры, і кіруй сэрца свае на дарогу.

Не будзь на балях п’яніцаў ані на баляваннях цела,
 
Ня будзь памеж тых, што жлопаюць віно, жаруць мяса;

бо п’яніца і гуляка збяднеюць, а дрымотны апранецца ў лахманы.
 
Бо п’яніца й жэрлы зьбяднеюць, і ў рызьзё адзенецца санлівы.

Слухай бацьку свайго, які парадзіў цябе, і не будзь пагардлівы, калі састарэе маці твая.
 
Будзь паслухмяны айцу свайму: ён нарадзіў цябе, і ня грэбуй маткаю сваёй у старасьці ейнай.

Купляй праўду і не прадавай; купляй мудрасць, і веды, і розум.
 
Купляй праўду і не прадавай мудрасьці а навукі а розуму.

Узрадуецца радасцю бацька справядлівага; а хто парадзіў мудрага — узвесяліцца ў ім;
 
Будзе вельма цешыцца айцец справядлівага, і хто нарадзіў мудрага, будзе мець радасьць ізь яго.

хай радуюцца твой бацька і маці твая, хай радуецца тая, што нарадзіла цябе.
 
Будуць радавацца айцец твой і маці твая, і цешыцца тая, што нарадзіла цябе.

Сыне мой, дай мне сваё сэрца, хай вочы твае зберагуць шляхі мае.
 
Сыну мой, аддай сэрца свае імне, і вочы твае хай зычаць дарогаў маіх.

Бо яма глыбокая — распусніца, а чужая жанчына — цеснае падзямелле.
 
Бязуля — глыбокая яма, і чужая жонка — вузкая студня;

бо расстаўляе яна пасткі на дарозе, быццам разбойнік, і памнажае несправядлівых сярод людзей.
 
Яна таксама цікуе, як на здабытак, і множа выступнікаў памеж людзёў.

У каго: «Гора»? У каго: «Ах»? У каго сваркі? У каго скарга? У каго раны без прычыны? У каго памутненне вачэй?
 
У каго гора? у каго смутак? у каго вады? у каго пустая гаворка? у каго раны бязь віны? у каго чырвань аччу?

У тых, хто прабывае ў віне і ідзе, каб пакаштаваць змяшанага [віна].
 
У тых, што сядзяць да пазна зь віном, у тых, што ходзяць шукаць мешанага.

Не глядзі на віно, як яно чырванее, як гожа блішчыць у кубку, як лёгка цячэ праз горла,
 
Не глядзі на віно, як яно чырвонае, як яно даець свой колер у чары, гладка зыходзе:

бо ўрэшце рэшт — укусіць, як гадзюка, свой яд, як вужака, запусціць.
 
Наапошку, яно ўкусе, як гад, ужыгале, як атрутны гад;

Вочы твае ўбачаць рэчы дзіўныя, а сэрца тваё будзе гаварыць нясталае;
 
Вочы твае будуць зьвернены на чужыя, і сэрца твае будзе вымаўляць крутадушнае;

і будзеш ты, як той, што спіць сярод мора, і быццам той, што заснуў на мачце карабля:
 
І будзеш, як тый, што ляжыць сярод мора, або як тый, што ляжыць на версе машты:

«Пабілі мяне, а мне не было балюча, ударылі мяне, а я нічога не адчуў; калі прачнуся — ізноў буду шукаць гэта».
 
«Білі мяне, і імне не балела; таўклі мяне, і я ня чуў. Як прачхнуся, ізноў пайду шукаць яго».