Выслоўяў Саламонавых 29 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Чалавек, які з цвёрдай шыяй пагарджае абвінавачваннямі, — раптам будзе знішчаны, і без вылячэння.
 
Часта ганены, каляне завыек, будзе зьнецікі зьнішчаны, ды без вылячэньня.

З памнажэння справядлівых узвесяліцца народ; а ў валадаранне бязбожніка народ будзе стагнаць.
 
Як справядлівыя множацца, люд цешыцца; але як нягодныя маюць уладу, люд стогне.

Чалавек, які любіць мудрасць, радуе бацьку свайго; а хто корміць распуснікаў — згубіць маёмасць.
 
Хто любе мудрасьць, цеша айца свайго; але хто карагодзіцца зь бязулямі, тый згубе маемасьць.

Цар у справядлівасці ўзвышае дзяржаву; чалавек, што прымае падарункі, разбурыць яе.
 
Кароль мацніць зямлю судам, але хто адзержуе падаркі, бурае яе.

Хто ліслівіць падманна блізкаму, ставіць сіло на ногі яго.
 
Людзіна, што падлыгуе прыяцелю свайму, станове сетку на ногі яго.

У граху несправядлівы чалавек захопліваецца пасткай, а справядлівы ўзрадуецца і ўзвесяліцца.
 
У выступку пасадка благой людзіне, але справядлівы пяець а цешыцца.

Справядлівы ведае справу бедных, а бязбожнік не мае ведаў.
 
Справядлівы знае права галечы, нягодны не разумее пазнаньня.

Людзі небяспечныя горад раз’ядноўваюць, а мудрыя — утаймоўваюць абурэнне.
 
Зьдзеклівыя прыносяць месту пасадку, але мудрыя адварачаюць злосьць.

Мудры чалавек, калі паспрачаецца ў судзе з бязглуздым, — хай гневаецца ён, хай смяецца, — не знойдзе супакою.
 
Як мудрая людзіна правуецца зь людзіною дурною, ці злуецца, ці сьмяецца, ня мае супакою.

Крыважэрныя ненавідзяць чыстасардэчнага; а справядлівыя рупяцца пра жыццё яго.
 
Прагавітыя крыві ненавідзяць беззаганнага, але пасьцівыя рупяцца праз душу ягоную.

Бязглузды выяўляе ўвесь свой гнеў, а мудры ўціхамірвае яго.
 
Дурны выказуе ўвесь свой дух, але мудры дзяржыць яго на пасьлей.

Кіраўнік, калі ахвотна слухае словы маны, мае ўсіх слуг — бязбожнікаў.
 
Калі дзяржаўца слухае слова манюкі, усі слугі ягоныя нягодныя.

Бедны сустракаецца з прыгнятальнікам, але Госпад дае святло для вачэй абаіх.
 
Бедны й уцісканьнік сустракаюцца, СПАДАР асьвячае вочы абодвых.

Цар, што па праўдзе судзіць бедных, — пасад яго будзе ўмацаваны назаўсёды.
 
Калі кароль судзе подле праўды галечу, пасад ягоны будзе ўмацаваны назаўсёды.

Дубец і выкрыванне даюць мудрасць; а юнак, які пакідаецца на сваю волю, асаромлівае маці сваю.
 
Дубец а ўпікі даюць мудрасьць, але дзяцё пакіненае сарамаціць маці сваю.

У мностве бязбожнікаў будуць множыцца злачынствы, і справядлівыя ўбачаць іх пагібель.
 
Як нягодныя множацца, выступку множыцца, але справядлівыя абачаць упад іх.

Навучай свайго сына: ён і супакоіць цябе, і дасць асалоду душы тваёй.
 
Навучай сына свайго, і ён дасьць табе супакой, і дасьць ласонікі душы тваёй.

Калі не хапае зроку, народ будзе раз’яднаны; шчасны, хто беражэ законнасць.
 
Ідзе няма відзені, люд няўзьдзержлівы; але шчасьлівы тый, што дзяржыць права.

Словамі не можа быць навучаны слуга, бо разумее і пагарджае адказам.
 
Слугі не зазырыш словамі, бо, дарма што ён цяме, не адкажа.

Бачыў ты чалавека спрытнага ў размове? Неразумны будзе мець надзею больш за яго.
 
Ці бачыў мужа хаплівага ў словах сваіх? Болей надзеі зь неразумнага, чымся зь яго.

Хто гадуе з дзяцінства слугу свайго ў раскошы, той потым зведае яго жаданне стаць і сынам.
 
Хто кунежа з маленства слугу свайго, наапошку ён стане валадаром да яго.

Гняўлівы чалавек узбуджае сваркі, а той, хто ахвочы на гнеў, будзе болей схільны да граху.
 
Гняўлівая людзіна ўзрушае ваду, і апрысклівая багатая выступкам.

Пыхлівасць чалавека панізіць яго, а пакорлівы духам здабудзе славу.
 
Гордасьць людзіны паніжае яе, але пакорны духам адзяржыць чэсьць.

Хто дзеліцца са злодзеем — ненавідзіць душу сваю; чуе ён праклён, але і не выказвае гэтага.
 
Хто сябруе із злодзеям, ненавідзе душу сваю; чуе кляцьбу і не выяўляе.

Страх перад чалавекам ставіць пастку, а хто ўскладае надзею на Госпада — будзе падтрыманы.
 
Дрыжэньне чалавека станове пасадку, але хто спадзяецца на СПАДАРА, будзе ўзьвялічаны.

Многія шукаюць прыхільнасці кіраўніка, а суд для кожнага паходзіць ад Госпада.
 
Шмат хто шукае віду дзяржаўцы, але суд людзіны ад СПАДАРА.

Справядлівыя грэбуюць бязбожным чалавекам; а бязбожнікі грэбуюць тымі, хто на вернай дарозе.
 
Агіда справядлівым людзіна несправядлівая, і агіда нягодным пасьцівы дарогаю.