Псалтыр 150 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Алілуя. Хвалеце Бога ў сьвятыні Ягонай; хвалеце Яго на цьвердзі сілы Ягонай.
 
Альлелюя! Хвалеце Бога ў сьвятыні Ягонай, хвалеце Яго ў прасьцягу моцы Ягонай!

Хвалеце Яго паводле магутнасьці Ягонай, хвалеце Яго паводле мноства велічы Ягонай.
 
Хвалеце Яго за магутнасьць Ягоную; хвалеце Яго дзеля мноства велічы Ягонай!

Хвалеце Яго гукам трубным, хвалеце Яго на псалтыры і арфе.
 
Хвалеце Яго гукам трубаў, хвалеце Яго на псалтыры і гусьлях!

Хвалеце Яго тымпанам і танцам, хвалеце Яго струнамі і арганам.
 
Хвалеце Яго з бубнамі і карагодамі; хвалеце Яго на струнах і жалейках!

Хвалеце Яго гучнымі кімваламі, хвалеце Яго кімваламі гучнагалосымі.
 
Хвалеце Яго на цымбалах гучных; хвалеце Яго на цымбалах галосных!

Усё, што дыхае, хай славіць Госпада! Алілуя.
 
Усякае дыханьне няхай хваліць ГОСПАДА! Альлелюя!