Быццё 31 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І пачуў Якаў словы сыноў Лаванавых, якія казалі: Якаў завалодаў усім, што было ў бацькі нашага, і з маёмасьці бацькі нашага склаў усё багацьце гэта.
 
І Якуб чуў, як сыны Лябана гаварылі: «Якуб забраў усё, што меў наш бацька, і з маёмасьці нашага бацькі набыў такія багацьці».

І ўбачыў Якаў Лаванаў твар, і вось, ён не такі да яго, як быў учора і заўчора.
 
І бачыў Якуб, што Лябан зьмяніўся адносна яго і ня быў такі, як раней.

І сказаў Гасподзь Якаву: вярніся ў зямлю бацькоў тваіх і на радзіму тваю: і Я буду з табою.
 
І сказаў Госпад Якубу: «Вяртайся ў зямлю бацькоў сваіх і да радні сваёй, а Я буду з табой».

І паслаў Якаў, і паклікаў Рахіль і Лію ў поле, да статку дробнага быдла свайго,
 
І Якуб, каторы быў на полі пры сваім стадзе, казаў паклікаць да сябе Рахелю і Лію,

і сказаў ім: я бачыў твар бацькі вашага, што ён да мяне не такі, як быў учора і заўчора; але Бог бацькі майго быў са мною;
 
і сказаў: «Бачу па выглядзе твару вашага бацькі, што ён не такі для мяне, як даўней, але Бог майго бацькі быў са мною.

вы самі ведаеце, што я з усяе сілы служыў бацьку вашаму,
 
Вы самі найлепш ведаеце, што хоць з усіх сілаў я служыў бацьку вашаму,

а бацька ваш ашукваў мяне і разоў дзесяць перамяняў узнагароду маю; але Бог не дапусьціў яго зрабіць мне ліха.
 
ён, аднак, ашукваў мяне і многа раз зьмяняў мне плату, і толькі Бог бараніў мяне ад крыўды.

Калі сказаў ён, што быдла з плямкамі будзе табе ўзнагародаю, дык быдла ўсё радзіла з плямкамі. А калі ён сказаў: пярэстыя будуць табе ўзнагародаю, дык усё быдла і радзіла пярэстых.
 
Калі вось (бацька) казаў: авечкі з кропкамі будуць тваёй заплатай — усе радзіліся крапкаваныя; а калі казаў ён наадварот: «Каторая пярэстая, тую атрымаеш як плату» — усе радзіліся пярэстыя.

І адабраў Бог быдла ў бацькі вашага і даў мне.
 
І так Бог выдзяліў частку маёмасьці бацькі вашага і даў мне.

Аднаго разу ў такую пару, калі быдла зачынае, я паглядзеў і ўбачыў у сьне, і вось казлы, якія падняліся на быдла, пярэстыя з плямкамі і стракацінамі.
 
Бо калі надыходзіў час параваньня статку, бачыў я ў-ва сьне, як самцы, што пакрывалі стады, былі пярэстыя, крапкаваныя і ў плямах.

Анёл Божы сказаў мне ў сьне: Якаве! Я сказаў: вось я.
 
І ў-ва сьне тады клікаў мяне анёл Божы: «Якуб!» А калі я адказваў: «Вось я»,

Ён сказаў: падымі вочы твае і паглядзі: усе казлы, што падняліся на быдла, пярэстыя, з плямкамі і стракацінамі; бо Я бачу ўсё, што Лаван робіць з табою;
 
Ён сказаў: «Падымі вочы свае і пабач усіх самцоў, што пакрываюць стады: яны пярэстыя, крапкаваныя і ў плямах, бо Я бачу, што Лябан з табой робіць.

Я Бог у Вэтылі, дзе ты паліў алеем помнік і даў Мне зарок; цяпер устань, выйдзі зь зямлі гэтай і вярніся да зямлі радзіны тваёй.
 
Я — Бог з Бэтэлю, дзе памазаў ты слуп і дзе злажыў шлюбаваньне. Дык цяпер рыхтуйся ў дарогу, і пакінь гэтую зямлю, і вярніся да сваёй радні і роднай зямлі».

Рахіль і Лія сказалі яму ў адказ: ці ёсьць нам яшчэ доля і спадчына ў доме бацькі нашага?
 
На гэтыя словы Рахель і Лія сказалі яму: «Ці маем мы яшчэ частку і спадчыну ў маёмасьці бацькі нашага?

ці ня чужымі ён лічыць нас? бо ён прадаў нас і зьеў нават срэбра наша;
 
Ці ж не лічыў ён нас за чужых, бо прадаў нас, і зьеў заплату за нас?

таму ўсё багацьце, якое Бог адабраў у бацькі нашага, ёсьць нашае і дзяцей нашых; дык вось, рабі ўсё, што Бог сказаў табе.
 
Таму вось усё багацьце, каторае Бог забраў у бацькі нашага, нам даў і дзецям нашым. Таму ўсё, што Бог загадаў табе, рабі».

І ўстаў Якаў, і пасадзіў дзяцей сваіх і жонак сваіх на вярблюдаў,
 
Дык устаў Якуб і пасадзіў дзяцей сваіх і жонак сваіх на вярблюдаў,

і ўзяў з сабою ўсё быдла сваё, якое набыў, быдла ўласнае ягонае, якое ён набыў у Месапатаміі, каб ісьці да Ісаака, бацькі свайго, у зямлю Ханаанскую.
 
і ўзяў з сабой усе стады свае і ўсю маёмасьць сваю, што здабыў у Паддан-Араме, і падаўся ў дарогу да свайго бацькі Ізаака, у зямлю Ханаан.

І як Лаван пайшоў стрыгчы быдла сваё, дык Рахіль забрала ідалаў, якія былі ў бацькі яе.
 
У той час Лябан выбраўся стрыгчы авечкі, і Рахель скрала балваны хатнія.

А Якаў забраў сэрца ў Лавана Арамэйца, бо не паведаміў яму, што адыходзіць.
 
А Якуб ашукаў сэрца Лябана Арамейца, не папярэджваючы яго, што мае ўцячы.

І пайшоў з усім, што ў яго было; і ўстаўшы перайшоў раку і скіраваўся да гары Галаад.
 
І ўцёк ён з усім, што меў, і, перайшоўшы рэчку, направіўся на гару Гілеад.

На трэці дзень сказалі Лавану, што Якаў сышоў.
 
А трэцяга дня паведамілі Лябану, што Якуб уцёк.

Тады ён узяў з сабою родзічаў сваіх, і гнаўся за ім сем дзён, і дагнаў яго на гары Галаад.
 
Дык Лябан, сабраўшы братоў сваіх, сем дзён даганяў яго і дагнаў яго на гары Гілеад.

І прыйшоў Бог да Лавана Арамэйца ўначы ў сьне і сказаў яму: сьцеражыся, не кажы Якаву ні добрага, ні благога.
 
І явіўся Лябану Арамейцу Бог ноччу ў-ва сьне, і сказаў яму: «Сьцеражыся, не гавары благога супраць Якуба!»

І дагнаў Лаван Якава; а Якаў паставіў намёт свой на гары, і Лаван з родзічамі сваімі паставіў на гары Галаад.
 
Якуб на гары ўжо расьцягваў палатку, калі Лябан дагнаў яго са сваякамі сваімі, і на той жа гары паставіў палатку.

І сказаў Лаван Якаву: што ты зрабіў? навошта ты ашукаў мяне і зьвёў дачок маіх, як палоненых зброяй?
 
І сказаў ён Якубу: «Чаму ты так зрабіў? Чаму ашукаў сэрца маё і вывеў дачок маіх, як паланянак?

навошта ты ўцёк таемна, і схаваўся ад мяне, і не сказаў мне? Я адпусьціў бы цябе з радасьцю і зь песьнямі, з бубнам і з гусьлямі;
 
Чаму ты патаемна ўцёк і ашукаў мяне, і не паведаміў мне, каб я мог правесьці цябе з радасьцю і сьпевамі, з бубнамі і цытрамі?

ты не дазволіў мне нават пацалаваць унукаў маіх і дачок маіх; неразумна ты зрабіў.
 
Ты ня даў мне пацалаваць маіх унукаў і дачок, дрэнна зрабіў ты!

Ёсьць у руцэ маёй сіла зрабіць вам ліхое; але Бог бацькі вашага ўчора гаварыў са мною і сказаў: сьцеражыся, не кажы Якаву ні добрага, ні благога.
 
А цяпер магла рука мая адгадзіцца табе ліхам, але Бог бацькі твайго ўчора сказаў мне: «Сьцеражыся, не гавары нічога ліхога супраць Якуба!»

Але хай бы ты пайшоў, бо табе не цярпелася быць у доме ў бацькі твайго, — навошта ты ўкраў багоў маіх?
 
Хай бы ты пайшоў, бо цягнула цябе да дому бацькі твайго, але чаму ты скраў багоў маіх?»

Якаў адказаў Лавану і сказаў: я баяўся, бо я думаў, каб жа не адабраў ты ў мяне дачок тваіх.
 
Якуб адказаў: «Бо я баяўся. Я бо думаў, што ты сілай адбярэш дачок сваіх ад мяне.

У каго знойдзеш багоў тваіх, той ня будзе жывы: пры родзічах нашых даведвайся, што ў мяне і вазьмі сабе. Якаў ня ведаў, што Рахіль украла іх.
 
А ў каго знойдзеш багоў сваіх, хай той не жыве! У прысутнасьці сваякоў нашых правер, і што знойдзеш свайго ў мяне — забірай!» А ня ведаў Якуб, што Рахель скрала балваноў.

І хадзіў Лаван у намёт Якаваў і ў намёт Ліін і ў намёт дзьвюх рабыняў, але не знайшоў. І выйшаў з намёта Ліі, і ўвайшоў у намёт Рахілін.
 
І Лябан, увайшоўшы ў палаткі Якуба і Ліі, і абедзьвух нявольніцаў, не знайшоў нічога, і, выйшаўшы з палаткі Ліі, увайшоў у палатку Рахелі.

А Рахіль узяла ідалаў і паклала іх пад вярблюджае сядло, і села на іх. І абшукаў Лаван увесь намёт, і не знайшоў.
 
А яна ўзяла балваноў і падлажыла іх пад вярблюдавае сядло, і села на іх. А калі абшукаў Лябан усю палатку, і не знайшоў,

А яна сказала бацьку свайму: хай не загневаецца гаспадар мой, што я не магу ўстаць перад табою; бо ў мяне звычайнае жаночае. І Лаван шукаў, але не знайшоў ідалаў.
 
сказала: «Хай ня гневаецца гаспадар мой, што перад табою ўстаць не магу, бо дзеля слабасьці жаночай не магу». Дык абшукаў ён (усё), але балваноў не знайшоў.

Якаў раззлаваўся і ўступіў у спрэчку з Лаванам. І загаварыў Якаў і сказаў Лавану: якая віна мая, які грэх мой, што ты дагнаў мяне?
 
Тады Якуб узлаваўся і стаў вадзіцца: «Дзеля якой віны маёй і дзеля якога грэху майго ты так перасьледуеш мяне?

ты агледзеў у мяне ўсе рэчы, што знайшоў ты з усіх рэчаў твайго дома? пакажы тут перад родзічамі маімі і перад родзічамі тваімі; няхай яны рассудзяць нас абодвух.
 
Навошта ператрасаеш усе рэчы мае? Што ты знайшоў з маёмасьці сваёй у мяне? Палажы тое ў прысутнасьці сваякоў маіх і сваякоў сваіх, і хай яны рассудзяць гэта між мной і табой.

Вось, дваццаць гадоў я быў у цябе; авечкі твае і козы твае ня выкідвалі; бараноў са статку твайго я ня еў;
 
Вось дваццаць гадоў я жыў з табой. Твае авечкі і козы не скідалі, і бараноў са статку твайго я ня еў.

разадранага зьверам Я ня прыносіў табе, гэта была мая страта; ты зь мяне спаганяў ці калі ўдзень што-колечы прападала, а ці ўначы прападала;
 
Разьдзёртай дзікім зьверам не прыносіў табе, усякую шкоду — аднагароджваў. Калі што было скрадзена ці ўдзень, ці ўначы — ты вымагаў ад мяне.

я зьнемагаў удзень ад сьпёкі, а ўначы ад сьцюжы, і сон мой бег ад вачэй маіх.
 
Было, што днём мучыла мяне сьпякота, а ноччу холад зганяў мне сон з павек.

Такія мае дваццаць гадоў у доме тваім. Я служыў табе чатырнаццаць гадоў за дзьвюх дачок тваіх і шэсьць гадоў за быдла тваё; а ты дзесяць разоў мяняў узнагароду маю.
 
Так праз дваццаць гадоў я служыў табе! Чатырнаццаць за дочкі, а шэсьць за стады твае. Дзесяць разоў таксама зьмяняў ты плату маю.

Калі б ня быў са мною Бог бацькі майго, Бог Абрагама і страх Ісаака, — ты б цяпер адпусьціў мяне ні з чым. Бог убачыў гароту маю і працу рук маіх і заступіўся за мяне ўчора.
 
Каб Бог бацькі майго, Бог Абрагама, і Той, Каго з боязьзю славіць Ізаак, не ўспамагаў мне, то ты пусьціў бы мяне зь нічым. Што я нацярпеўся і колькі я напрацаваўся рукамі, Бог бачыць! Ён мінулай ноччу сказаў табе».

І адказваў Лаван і сказаў Якаву: дочкі — мае дочкі; дзеці — мае дзеці; быдла — маё быдла, і ўсё, што ты бачыш, гэта маё; ці магу я цяпер што зрабіць з дочкамі маімі і зь дзецьмі іхнімі, якія народжаны імі?
 
Лябан адказаў яму: «Дочкі — мае дочкі, дзеці — мае дзеці, стады — мае стады ды ўсё, што бачыш, — маё. Але што я магу зрабіць цяпер маім дочкам або іхнім дзецям, каторых яны нарадзілі.

цяпер пастановім спрымірэньне я і ты, і гэта будзе сьведчаньнем паміж мною і табою.
 
Дык хадзі, заключым запавет, я і ты, хай будзе ён сьведчаньнем між мною і табой».

І ўзяў Якаў камень і паставіў яго помнікам.
 
Тады вось Якуб прынёс камень і паставіў яго, як слуп,

І сказаў Якаў родзічам сваім: набярэце камянёў. Яны ўзялі камяні і зрабілі курган, і елі там на кургане.
 
і сказаў сваякам сваім: «Назьбірайце каменьняў!» Яны назьбіралі каменьняў і зрабілі капец. І елі там на ім.

І назваў яго Лаван: Егар-Сагадута; а Якаў назваў яго Галаадам.
 
І назваў Лябан яго Егар-Сагадута, а Якуб назваў яго Галедам.

І сказаў Лаван: сёньня гэты курган паміж табою і мною сьведка. Таму і дадзена яму імя: Галаад,
 
І сказаў Лябан: «Хай капец гэты будзе доказам згоды сёньня між мной і табой». І таму ён быў названы Галед,

а таксама: Міцца, за тое, што Лаван сказаў: няхай наглядае Гасподзь і за мною і за табою, калі мы зьнікнем адзін ад аднаго;
 
а таксама Міцпа, бо ён сказаў: «Хай наглядае Госпад за мной і табой, калі разыйдземся між сабой.

калі ты будзеш блага абыходзіцца з дочкамі маімі, альбо возьмеш жонак звыш дачок маіх, дык хоць няма чалавека паміж намі, але глядзі, Бог сьведка паміж мною і табою.
 
Калі б ты крыўдзіў дачок маіх і калі б узяў сабе акрамя іх іншых жонак, то хоць ня будзе нікога зь людзей між намі, глядзі: Бог будзе сьведкам між мной і табой!»

І сказаў Лаван Якаву: вось курган гэты і вось помнік, які я паставіў паміж мною і табою;
 
І яшчэ сказаў Лябан Якубу: «Гэты вось капец і слуп, каторыя я паставіў (як доказ згоды) між мною і табой,

гэты курган сьведка, і гэты помнік сьведка, што ні я не перайду да цябе за гэты курган, ні ты не пяройдзеш да мяне за гэты курган і за гэты помнік, дзеля ліха;
 
будуць сьведчаньнем, што ані я не прайду каля гэтага капца да цябе, ані ты ня пройдзеш каля гэтага капца і гэтага слупа да мяне зь ліхім намерам.

Бог Абрагамаў і Бог Нахораў хай судзяць паміж намі, Бог бацькі іхняга. Якаў запрысягнуўся страхам бацькі свайго Ісаака.
 
Бог Абрагама і Бог Нахора хай будзе судзьдзёю нам». І Якуб запрысяг на Таго, Каго з боязьзю славіў Ізаак, яго бацька.

І закалоў Якаў ахвяру на гары і паклікаў родзічаў сваіх есьці хлеб; і яны елі хлеб і начавалі на гары.
 
Потым забіў Якуб на той гары жывёлін на ахвяру і пасьля запрасіў сваіх сваякоў банкетаваць. А калі наеліся, ляглі спаць на той гары.

І ўстаў Лаван з самага рана і пацалаваў унукаў сваіх і дачок сваіх, і дабраславіў іх. І пайшоў і вярнуўся Лаван у сваё месца.
 
І Лябан назаўтра рана пацалаваў сваіх унукаў і сваіх дачок, дабраславіў іх і падаўся з паваротам у сваё месца.