Быццё 40 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
Пасьля гэтага чашнік цара Егіпецкага і пекар правінаваціліся перад гаспадаром сваім, царом Егіпецкім.
Па ўсіх гэтых падзеях здарылася, што падчашы караля Эгіпецкага і пекар правініліся перад валадаром сваім.
І ўгневаўся фараон на двух царадворцаў сваіх, на галоўнага чашніка і на галоўнага пекара,
І разгневаўся фараон на ўрадоўцаў: на падчашага, і на загадчыка пекараў.
і аддаў іх пад варту ў дом да начальніка целаахоўцаў, у цямніцу, у тое месца, дзе ўвязьнены быў Язэп.
І пасадзіў ён іх пад нагляд начальніка варты ў вязьніцу, у якой увязьнены быў Язэп.
Начальнік целаахоўцаў прыставіў да іх Язэпа, і ён служыў ім. І прабылі яны пад вартаю некаторы час.
І вось начальнік варты перадаў іх Язэпу, каторы прыслугоўваў ім. І прабылі яны пад вартай нейкі час.
Аднаго разу чашніку і пекару цара Егіпецкага, увязьненым у цямніцы, бачыліся сны, кожнаму свой сон, абодвум у адну ноч, кожнаму сон адмысловага значэньня.
Адной ночы яны абодва бачылі сны, кожны свой сон.
І прыйшоў да іх Язэп раніцай, убачыў іх, і вось, яны сумеліся.
І калі да іх нараніцы прыйшоў Язэп, убачыў іх сумнымі.
І спытаўся ён у царадворцаў фараонавых, якія былі зь ім у доме гаспадара ягонага пад вартаю, кажучы: чаго ў вас сёньня журботныя твары?
І спытаўся ў іх: «Чаму сягоньня сумнейшы твар ваш, чым звычайна?»
Яны сказалі яму: нам прысьніліся сны, а растлумачыць іх няма каму. Язэп сказаў ім: ці не ад Бога тлумачэньні? раскажэце мне.
Яны адказалі: «Бачылі мы сон, і няма каму нам выясьніць яго». І сказаў ім Язэп: «Ці не да Бога належыць выясьненьне? Скажыце, што вы бачылі?»
І расказаў галоўны чашнік Язэпу сон свой і сказаў яму: мне сьнілася, вось вінаградная лаза перад мною;
Тады падчашы расказаў свой сон: «Бачыў я ў-ва сьне ўшчэп вінаградны, які рос перада мной,
на лазе тры галінкі; яна разьвілася, паказаліся на ёй кветкі, вырасьлі і пасьпелі на ёй ягады;
на каторым былі тры галінкі. Ён рос паволі ў пупышкі, а па цьвеце насьпелі ягады.
і чаша фараонавая ў мяне ў руцэ; я ўзяў ягад, выціснуў іх у чашу фараонавую і падаў чашу ў руку фараону.
І ў маёй руцэ трымаў я келіх фараона. Я ўзяў ягады і выціснуў іх у келіх, які я трымаў, і падаў келіх фараону».
І сказаў яму Язэп: вось тлумачэньне яго: тры галінкі — гэта тры дні;
Язэп сказаў: «Такое выясьненьне сну: тры галінкі — гэта яшчэ тры дні,
праз тры дні фараон узьнясе галаву тваю і верне цябе на месца тваё, і ты падасі чашу фараонавую ў руку яму, па ранейшай завядзёнцы, калі ты быў у яго чашнікам;
па каторых фараон падыме галаву табе і верне цябе на тваё ранейшае месца. Падаваць будзеш яму келіх паводле свайго абавязку, як гэта звычайна раней рабіў.
спамяні ж пра мяне, калі табе будзе добра, і зрабі мне дабрачынства, і нагадай пра мяне фараону, і выведзі мяне з гэтага дома;
Толькі памятай пра мяне, калі табе будзе добра, ды акажы мне ласку і падкажы фараону, каб выпусьціў ён мяне зь вязьніцы.
бо я ўкрадзены зь зямлі Габрэяў; а таксама і тут нічога не зрабіў, за што б кідаць мяне ў цямніцу.
Бо я ўкрадзены зь зямлі Гебраяў; і тут нявінна ўкінуты ў гэтую яму».
Галоўны пекар убачыў, што растлумачыў ён добра, і сказаў Язэпу: мне таксама сьнілася: вось на галаве ў мяне тры кашы кратаваныя;
А загадчык пекараў, бачучы, што ён добра выясьніў сон, сказаў: «І я бачыў сон. Трымаў я на галаве тры кашы белага печыва.
у верхнім кашы ўсялякая ежа фараонавая, вырабы пекара, і птушкі дзяўблі яе з каша на галаве маёй.
У кошыку адным, каторы быў найвышэй, уся ежа фараона, якая вырабляецца ўмеласьцю пекара для фараона, і птушкі выдзёўбвалі яе».
І адказваў Язэп і сказаў: вось тлумачэньне яго: тры кашы — гэта тры дні.
Язэп адказаў: «Вось такое выясьненьне сну: Тры кошыкі, значыць яшчэ тры дні.
праз тры дні фараон здыме зь цябе галаву тваю і павесіць цябе на дрэве, і птушкі будуць дзяўбці плоць тваю зь цябе.
Па іх здыме табе фараон галаву і павесіць цябе на шыбеніцы, і птушкі будуць дзяўбсьці цела тваё».
На трэці дзень, дзень народзінаў фараонавых, учыніў ён гасьціну ўсім слугам сваім і ўспомніў пра галоўнага чашніка і галоўнага пекара сярод слуг сваіх;
Ад гэтага на трэці дзень выпадаў дзень нараджэньня фараона. І ён справіў для сваіх слугаў вялікі баль. І тады ў іх прысутнасьці прыпомніў галоўнага падчашага і загадчыка пекараў.
і вярнуў галоўнага чашніка на ранейшае месца, і ён падаў чашу ў руку фараону;
І галоўнага падчашага вярнуў на сваё месца, каб падаваў яму чашу,
а галоўнага хлебадара павесіў на дрэве, як растлумачыў ім Язэп.
а загадчыка пекараў загадаў павесіць на шыбеніцы, як прадказаў ім Язэп.
І ня ўспомніў галоўны чашнік пра Язэпа, а забыў яго.
Аднак загадчык чашнікаў не прыпомніў Язэпа і забыўся пра выясьніцеля.