Быццё 42 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І даведаўся Якаў, што ў Егіпце ёсьць хлеб, і сказаў Якаў сынам сваім: што вы гледзіце?
 
Калі пачуў Якуб, што збожжа прадаецца ў Эгіпце, сказаў сынам сваім: «Чаму вы аглядаецеся адзін на другога?

і сказаў: вось, я чуў, што ёсьць хлеб у Егіпце; ідзеце туды і купеце нам хлеба адтуль, каб нам жыць і не памерці.
 
Я чуў, што ў Эгіпце прадаюць пшаніцу. Выберыцеся і купіце сабе што патрэбна, каб мы маглі пражыць і не памерлі з голаду».

Дзесяць братоў Язэпавых пайшлі купіць хлеба ў Егіпце,
 
І дзесяць братоў Язэпа выбраліся ў Эгіпет купляць збожжа.

а Веньяміна, брата Язэпавага, не паслаў Якаў з братамі ягонымі, бо сказаў: ня сталася б зь ім бяды.
 
А Бэн'яміна, брата Язэпа, Якуб затрымаў дома, кажучы ягоным братам: «Каб у дарозе не здарылася чаго нядобрага».

І прыйшлі сыны Ізраілевыя купляць хлеб разам зь іншымі прыбыльцамі, бо ў зямлі Ханаанскай быў голад.
 
Калі сыны Ізраэля прыбылі зь іншымі ў зямлю Эгіпецкую, каб купіць збожжа, бо голад панаваў у зямлі Ханаан,

А Язэп быў правадырам у зямлі той: ён і прадаваў хлеб усяму народу зямлі. Браты Язэпа прыйшлі і пакланіліся яму тварам да зямлі.
 
Язэп быў правіцелем у зямлі Эгіпецкай, і за яго згодай прадавалася збожжа народам. Браты Язэпа, прыбыўшы да яго, пакланіліся аж да зямлі.

І ўбачыў Язэп братоў сваіх і пазнаў іх; але ўдаў, быццам ня ведае іх, і гаворыць зь імі сурова і сказаў ім: адкуль вы прыйшлі? Яны сказалі: зь зямлі Ханаанскай, купіць ежы.
 
І ён пазанаў іх, і, як бы ў чужых, строга запытаўся ў іх: «Адкуль прыбылі вы?» Яны адказалі: «Зь зямлі Ханаан, каб купіць харчоў для пражыцьця».

Язэп пазнаў братоў сваіх; але яны не пазналі яго.
 
І ён пазнаў братоў, але імі ня быў пазнаны.

І ўспомніў Язэп сны, якія сьніліся яму пра іх; і сказаў ім: вы — выведнікі, вы прыйшлі паглядзець галізну зямлі гэтай.
 
І, прыпомніўшы сны, якія калісьці сьніў, сказаў ім: «Шпіёны вы, прыйшлі вы, каб агледзець месцы неўмацаваныя!»

Яны сказалі яму: не, спадару наш; рабы твае прыйшлі купіць ежы;
 
Яны адказалі: «Не, пане, мы — слугі твае, прыбылі, каб купіць харчоў.

мы ўсе дзеці аднаго чалавека; мы людзі сумленныя; рабы твае ня бывалі выведнікамі.
 
Усе мы сыны аднаго чалавека, шчырыя мы, і нічога слугі твае ня думаюць благога».

Ён сказаў ім: не, вы прыйшлі падгледзець галізну зямлі гэтай.
 
Ён ім адказаў: «Не, прыбылі вы ў неўмацаваныя месцы, каб гэтую зямлю агледзець!»

Яны сказалі: нас, рабоў тваіх, дванаццаць братоў; мы сыны аднаго чалавека ў зямлі Ханаанскай, і вось, меншы цяпер з бацькам нашым, а аднаго ня стала.
 
А яны сказалі: «Было нас дванаццаць братоў, слугаў тваіх, сыноў аднаго чалавека ў Ханаане. Наймалодшы застаўся з бацькам нашым, а аднаго ўжо няма».

І сказаў ім Язэп: гэта самае я і казаў вам, сказаўшы: вы выведнікі;
 
Язэп сказаў ім: «Так ёсьць, як я вам сказаў: вы шпіёны!

вось, як вы будзеце выпрабаваны: прысягаю жыцьцём фараонавым, вы ня выйдзеце адгэтуль, калі ня прыйдзе сюды меншы брат ваш;
 
Таму праверым вас. На жыцьцё фараона! Ня выйдзеце адсюль, пакуль не прыбудзе наймалодшы ваш брат!

пашлеце аднаго з вас, і хай ён прывядзе брата вашага; а вы будзеце затрыманы; і адкрыецца, ці вашая праўда, а калі не, дык прысягаю жыцьцём фараонавым, што вы выведнікі.
 
Пашліце з вас аднаго, і хай ён прывядзе яго. Вы ж застаніцёся ў вязьніцы, пакуль высьветліцца, што вы гаварылі ці праўдзіва, ці фальшыва. Інакш, на жыцьцё фараона, шпіёны вы!»

І аддаў іх пад варту на тры дні.
 
І аддаў іх пад варту на тры дні.

І сказаў ім Язэп на трэці дзень: вось, што зрабеце, і застанецеся жывыя, бо я баюся Бога:
 
На трэці дзень, вывеўшы іх зь вязьніцы, сказаў: «Рабіце, што загадаў, і будзеце жыць, бо я баюся Бога.

калі вы людзі сумленныя, дык адзін брат з вас хай будзе трыманы ў доме, дзе вы ўвязьнены; а вы ідзеце, завязеце хлеб, з прычыны голаду ў сем’ях вашых;
 
Калі шчырыя вы, адзін брат ваш застанецца ў вязьніцы, а вы ідзіце і вязіце збожжа, каторае купілі, да дамоў вашых,

а брата вашага меншага прывядзеце да мяне, каб спраўдзіліся словы вашыя і каб не памерці вам. Так яны і зрабілі.
 
а брата вашага наймалодшага да мяне прывядзіце, каб я мог праверыць вашыя словы, і вы не памрыцё». І яны зрабілі, як ён загадаў,

І казалі яны адзін аднаму: і праўда ж, гэта кара нам за грэх супроць брата нашага; мы бачылі пакуту душы ягонай, калі ён маліў нас, але не паслухалі яго; за тое і прыйшла на нас бяда гэтая.
 
і гаварылі паміж сабою: «Заслужана гэта церпім, бо правініліся мы адносна брата нашага. Бачылі мы гора душы яго, як прасіўся ў нас, а мы ня выслухалі. Таму і на нас прыйшла гэтая бяда».

Рувім адказваў ім і сказаў: ці ж не казаў я вам: не грашэце супроць хлопца? але вы не паслухаліся; вось, кроў яго спаганяецца.
 
А Рубэн казаў: «Ці не казаў я вам: «Не грашыце супраць хлопца?» І не паслухалі мяне. Кроў ягоная помсьціцца».

А таго ня ведалі яны, што Язэп разумее; бо сярод іх быў перагаворшчык.
 
І ня ведалі яны, што Язэп разумее, бо зь імі размаўляў празь перакладчыка.

І адышоў ад іх і заплакаў. І вярнуўся да іх, і гаварыў зь імі, і, узяўшы зь іх Сымона, зьвязаў яго на вачах у іх.
 
І адыйшоўшыся ад іх, расплакаўся (Язэп). Потым вярнуўся і, размаўляючы зь імі, адлучыў ад іх Сымона, і ў іх прысутнасьці загадаў яго зьвязаць.

І загадаў Язэп напоўніць мяхі іхнія хлебам, а срэбра іхняе вярнуць кожнаму ў мяшок ягоны, і даў ім запасу на дарогу. Так і зроблена зь імі.
 
І загадаў напоўніць мяшкі іх збожжам, і каб ў кожным мяшку былі ўложаны дадзеныя імі грошы, і каб далі ім яшчэ харчоў на дарогу. Так і было зроблена.

Яны паклалі хлеб свой на аслоў сваіх і пайшлі адтуль.
 
І яны, усклаўшы сваё збожжа на аслоў, падаліся ў дарогу.

І адкрыў адзін зь іх мех свой, каб даць корму аслу свайму на начлезе, і ўбачыў срэбра сваё ў мяшку,
 
Калі адзін зь іх адкрыў мяшок свой, каб пакарміць асла ў заезьдзе, убачыў грошы наверсе ў мяшку,

і сказаў сваім братам: срэбра маё вернута: вось яно ў мяшку ў мяне. І сумелася сэрца ў іх, і яны з дрыжыкамі казалі адзін аднаму: што гэта Бог зрабіў з намі?
 
і сказаў братам сваім: «Зьвярнулі мне грошы, вось яны ляжаць у мяшку!» Яны зьдзівіліся і стрывожыліся запар, і казалі: «Што гэта такое, што нам гэтак Бог зрабіў?»

І прыйшлі да Якава, бацькі свайго, у зямлю Ханаанскую і расказалі яму ўсё, што здарылася зь імі, кажучы:
 
І вярнуліся яны да Якуба, бацькі свайго, у зямлю Ханаан, і расказалі яму ўсё, што зь імі было ў Эгіпце, кажучы:

правадыр той зямлі гаварыў з намі сурова і прыняў нас за выведнікаў зямлі той.
 
«Гаварыў з намі правіцель зямлі строга і думаў, што мы — шпіёны ў гэтай правінцыі.

І сказалі мы яму: мы людзі сумленныя; мы ня бывалі выведнікамі:
 
Мы яму адказалі: Мы чэсныя, і ня маем намеру рабіць ніякіх подступаў,

нас дванаццаць братоў, сыноў у бацькі нашага; аднаго ня стала, а меншы цяпер з бацькам нашым у зямлі Ханаанскай.
 
дванаццаць братоў у аднаго бацькі, аднаго ўжо няма, наймалодшы з бацькам нашым ў зямлі Ханаан.

І сказаў нам правадыр той зямлі: вось, як даведаюся я, ці сумленныя вы людзі: пакіньце ў мяне аднаго брата з вас; а вы вазьмеце хлеб з прычыны голаду ў сем’ях вашых, і ідзеце,
 
Дык сказаў нам правіцель зямлі: Вось праверу, ці вы чэсныя: аднаго брата вашага пакіньце і адпраўляйцеся.

і прывядзеце да мяне меншага брата вашага: і даведаюся я, што вы ня выведнікі, а людзі сумленныя; аддам вам брата вашага, і вы можаце парупіцца ў гэтай зямлі.
 
Брата вашага найменьшага дастаўце да мяне, каб я пераканаўся, што вы не шпіёны. А таго, што ў путах, аддам вам, і далей будзеце мець дазваленьне хадзіць па гэтай зямлі».

А калі яны апаражнялі мяхі свае, вось, у кожнага кашэль срэбра ў мяху ягоным. І ўбачылі яны кашалі срэбра свайго, яны і бацька іхні, і спалохаліся.
 
Па гэтай размове, калі апаражнілі яны мяхі, кожны знайшоў у сваім мяшку капшук з грашыма. І ўсе разам надта спалохаліся.

І сказаў ім Якаў, бацька іхні: вы пазбавілі мяне дзяцей: Язэпа няма, і Сымона няма, і Веньяміна ўзяць хочаце, — усё гэта на мяне!
 
І сказаў бацька Якуб: «Зрабілі вы, што мы застанёмся безь дзяцей: Язэпа няма, Сымон у вязьніцы, Бэн'яміна забіраеце. На мяне ўсе гэтыя беды нахлынулі».

І сказаў Рувім бацьку свайму, кажучы: забі двух маіх сыноў, калі я не прывяду яго да цябе; аддай яго на мае рукі; я вярну яго табе.
 
А Рубэн сказаў яму: «Калі не вярну яго табе, забі двух сыноў маіх. Аддай яго ў рукі мае, а я яго вярну табе».

Ён сказаў: ня пойдзе сын мой з вамі, бо брат ягоны памёр, і ён адзін застаўся; калі здарыцца зь ім няшчасьце ў дарозе, у якую вы пойдзеце, дык зьведзяце вы сівізну маю са смуткам у магілу.
 
А Якуб адказаў: «Ня пойдзе сын мой з вамі. Брат яго памёр, ён толькі адзін застаўся: калі яму што нядобрае здарыцца ў дарозе, загоніце сівізну маю з болем у адхлань».