Псалтыр 7 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Аляксандара Надсана
Шыґаён Давідаў, каторы ён пяяў СПАДАРУ ўзглядам Куша Веняміняніна.
Псалом Давіда, што сьпяваў Госпаду з прычыны справы Хуса, сына Яменеевага.
СПАДАРУ, Божа мой! у Табе я хаваюся; выбаў мяне ад усіх перасьледаваньнікаў маіх і вывальні мяне,
Госпадзе, Божа мой, на Цябе ўсклаў я надзею: ратуй мяне ад усіх, што перасьледуюць мяне, і збаў мяне,
Каб ня ірваў, бы леў, душы мае, разрываў, і няма ратаваньніка.
каб часам хто, як леў, не схапіў душу маю, калі ня стане нікога, хто вызваліў бы, ані хто ўратаваў бы мяне.
СПАДАРУ, Божа мой! калі зрабіў я гэта, малі ё бяспраўе ў руках маіх,
Госпадзе, Божа мой, калі я што зрабіў, калі ёсьць няправеднасьць у руках маіх,
Калі я плаціў ліхам зычліваму свайму альбо глабаў уцісканьніка свайго бяз дай прычыны, —
калі я адплаціў злом тым, што чыняць мне зло, то хай зьняможаны паду ад ворагаў маіх,
Хай жанець непрыяцель душу маю, і дажанець мяне, і хай утопча ў зямлю жыцьцё мае, і хай аселе славу маю ў пыле. Сэля.
хай вораг перасьледуе душу маю і схопіць яе, хай жыцьцё маё затопча ў зямлю, а славу маю аберне ў пыл.
Паўстань, СПАДАРУ, у гневе Сваім, узьніміся супроці злосьці непрыяцеляў маіх, прачхніся дзеля мяне на суд, прызначаны табою.
Устань, Госпадзе, у гневе Тваім, узьнясіся над межамі ворагаў Тваіх. Уздыміся, Госпадзе, Божа мой, згодна з запаветам, які Ты ўстанавіў,
І збор людаў абступе Цябе, і над ім на вышыню зьвярніся.
і збор людзей стане вакол Цябе, а Ты над імі ўзыдзі на вышыню!
СПАДАР судзе люды. Судзі мяне, СПАДАРУ, подле справядлівасьці мае й подле нявіннасьці, што ў імне.
Госпад будзе судзіць народы. Судзі мяне, Госпадзе, паводле праведнасьці маёй і нявіннасьці маёй, што ўва мне.
Няхай жа скончыцца злосьць нягодных, але ўмацуй справядлівага, Ты, Каторы прабуеш сэрца й ныркі, Божа справядлівы!
Хай сунімецца злосьць грэшнікаў, а праведніка павядзеш Ты, Божа, што выпрабоўваеш сэрцы і нутро.
Спадзева мая на Бога, Каторы выбаўляе шчырых сэрцам.
Праўдзівая дапамога мая ад Бога, які ратуе праведных сэрцам.
Бог — судзьдзя справядлівы, і Бог абураецца кажны дзень,
Бог — судзьдзя справядлівы, і магутны, і доўгацярплівы, Ён не палае гневам штодня.
Калі хто не наварачаецца. Бог найстра Свой меч, лук Свой Ён напінае а гатуе;
Калі не навернецеся, Ён пачысьціць меч свой; Ён нацягнуў лук свой, і падрыхтаваў яго,
І яму прыгатаваў снадзі сьмерці, стрэлы перасьледаваньнікам Сваім робе.
і нарыхтаваў у ім прыладу сьмерці, стрэлы свае вогненнымі зрабіў.
Вось, ён пачынае ліха, і цяжарны крыўдаю, і родзе ману.
Вось чалавек занядужаў няправеднасьцю, зацяжараў злосьцю і нарадзіў беззаконьне.
Яму капаў, і выкапаў яе, і ўваліўся ў дол, каторы зрабіў.
Капаў ён роў, выкапаў яго і сам упадзе ў яму, якую выкапаў.
Хай абернецца злосьць ягоная на галаву ягоную, і на цемя ягонае глабаньне ягонае хай зыйдзе.
Злосьць яго на галаву яго абернецца, а няправеднасьць яго спадзе на цемя яму.
Я слаўлю СПАДАРА подле справядлівасьці Ягонае і пяю імені СПАДАРА Навышняга.
Буду дзякаваць Госпаду за Яго справядлівасьць, буду апяваць імя Госпада Усявышняга.