Псалтыр 2 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Чаму бунтуюцца плямёны і народы задумваюць марнае?
Псальма Давідава. Навошта бунтуюць народы, і намышляюць плямёны марнае?
Узнімаюцца цары зямлі і князі збіраюцца супольна супраць Госпада і супраць Намашчэнца Яго:
Паўстаюць зямныя цары, і ўмаўляюцца разам князі супраць Госпада і супраць Памазанца Ягонага:
«Парвём кайданы іх, і ярмо іх скінем з сябе!»
«Парвёмце ж іхнія кайданы і скінем зь сябе іхнія аковы».
Той, што жыве ў нябёсах, пасмяецца з іх, Госпад паздзекуецца з іх,
Той, Хто ў нябёсах жыве, пасьмяецца, Гасподзь паганьбіць іх.
а потым скажа ім у гневе Сваім і ярасцю Сваёй узрушыць іх:
Тады Ён у гневе Сваім скажа ім, і лютасьцю Сваёй іх настрашыць;
«Гэта Я паставіў Валадара Свайго на Сіёне, на святой гары Маёй!
«Я памазаў Цара Майго над Сіёнам, сьвятою гарою Маёю.
Абвяшчу прысуд Госпадаў. Бо Ён сказаў мне: “Ты — сын Мой, Я сёння нарадзіў цябе.
Я абвяшчу пастанову: Гасподзь сказаў Мне: «Ты Сын Мой; Я сёньня Цябе спарадзіў;
Прасі Мяне, і Я дам табе ў спадчыну народы і на ўласнасць Табе зямныя прасторы.
прасі ў Мяне, і дам народы ў спадчыну Табе, і ўладаньні Твае — аж па край зямлі!
Валадарыць будзеш імі кіем жалезным, нібы глінянае начынне скрышыш іх”».
Ты паб’еш іх жалезным жазлом, патаўчэш іх, як посуд ганчарны».
А цяпер, цары, зразумейце, уцяміце [тыя], што выносіце прысуд на зямлі:
Дык вось — урымсьціцеся, цары; навучэцеся, судзьдзі зямныя,
Служыце Госпаду са страхам і радуйцеся Яму з дрыжаннем,
служэце Госпаду богабаязна, і радуйцеся з трымценьнем.
Ушануйце Сына, каб не загневаўся і каб не папрападалі ў дарозе, калі ўзгарыцца неўзабаве гнеў Яго. Шчасныя ўсе, якія цвёрда спадзяюцца на Яго.
Ушануйце Сына, каб Ён не загневаўся, і каб не загінуць вам у дарозе вашай, бо гнеў Ягоны загарыцца неўзабаве. Шчасныя ўсе, хто на Яго спадзяецца.