Ёва 2 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І сталася, калі аднаго дня прыбылі сыны Божыя, каб стаць перад Госпадам, між іх прыбыў і шатан, каб стаць перад абліччам Яго.
 
І быў дзень, і прышлі сынове Божыя стаць перад СПАДАРОМ; памеж іх прышоў і шайтан стаць перад СПАДАРОМ.

Спытаў Госпад шатана: «Адкуль ты ідзеш?» Ён у адказ прамовіў: «Абышоў я кругам зямлю і прайшоў яе скрозь».
 
І сказаў СПАДАР шайтану: «Скуль ты прышоў?» І адказаў шайтан СПАДАРУ, і сказаў: «Я хадзіў па зямлі і абышоў яе».

І сказаў Госпад шатану: «А ці звярнуў ты ўвагу на паслугача Майго, Ёва, што на зямлі няма падобнага да яго. Чалавек ён шчыры і праўдзівы, шануе Бога і пазбягае зла, і да таго ж захоўвае бязгрэшнасць сваю. А ты Мяне намаўляў супраць яго, каб пакараў Я яго ні за што».
 
І сказаў СПАДАР шайтану: «Ці зьвярнуў ты ўвагу на слугу Майго Ёва? гэта ж нямаш такога, як ён, на зямлі: чалавек беззаганны, пасьцівы, баіцца Бога й адварачаецца ад ліха, і дагэтуль цьвярды ў сваёй беззаганнасьці; а ты ўзрушаў Мяне на яго, каб зьнішчыць яго бязь віны».

Шатан у адказ сказаў Яму: «Скуру за скуру, а за душу сваю аддасць чалавек усё, што мае.
 
І адказаў шайтан СПАДАРУ, і сказаў: «Скура за скуру, але ўсе, што ё ў людзіны, аддасьць яна за душу сваю.

Накіруй толькі руку Сваю і дакраніся да касцей яго і цела, і тады пабачыш, ці не будзе ён зневажаць Цябе перад абліччам Тваім».
 
Але выцягні ж руку Сваю і даткніся да косьці ягонае й цела ягонага, — ці ня згане ён Цябе ў відзеньне Твае?»

І сказаў Госпад шатану: «Вось, ён у руцэ тваёй, толькі душу яго захавай».
 
І сказаў СПАДАР шайтану: «Вось, ён у руццэ тваёй, адно душу ягоную захавай».

Адышоў тады шатан ад аблічча Госпада, паразіў Ёва самай цяжкай хваробай ад падэшвы нагі аж да цемені яго.
 
І адышоў шайтан ад віду СПАДАРОВАГА, і паразіў Ёва благім скульлям ад ступы нагі ягонае аж да цемені ягонага.

Ён зломкам цэглы саскрабаў сукравіцу, седзячы ў гнаі.
 
І ўзяў ён сабе чэрап, каб скрабаць сябе ім, і сеў сярод попелу.

І сказала яму жонка яго: «Дагэтуль ты трываеш у шчырасці сваёй? Зняваж Бога і памры».
 
І сказала яму жонка ягоная: «Ты ўсе яшчэ цьвярды ў беззаганнасьці сваёй! Згань Бога й памры».

Той адказаў ёй: «Ты гаварыла, як адна з неразумных жанчын. Калі мы прынялі добрае з рукі Бога, то як жа нам не прыняць злога?» Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў вуснамі сваімі.
 
Але ён сказаў ёй: «Ты гукаеш, як адна з дурных гукала; нягож добрае мы будзем прыймаць ад Бога, а благога ня будзем прыймаць?» У вусім гэтым не ізграшыў Ёў вуснамі сваімі.

Тады трое сяброў Ёва, пачуўшы пра ўсё ліха, што напаткала яго, прыйшлі, кожны са сваёй мясцовасці: Эліфаз Тэманіт, і Балдад Сугіт, і Зафар Нааматыт. І дамовіліся яны, каб разам прыйсці, наведаць яго і суцешыць.
 
І пачулі тры прыяцелі Ёвавы праз усе гэтае ліха, што прышло на яго, і прышлі кажны із свайго месца: Еліфаз Феманянін а Вілдад Шугянін а Софар Наамацянін, і зышліся разам, каб ісьці паківаць галавою над ім і цешыць яго.

І, калі здалёку паднялі яны вочы свае, не пазналі яго, і, ускрыкнуўшы, плакалі, і, раздзёршы адзенне, кідалі парахно над галавою сваёй у неба.
 
І, узьняўшы вочы свае здалеку, яны не пазналі яго; узьнялі голас свой і заплакалі; і разьдзер кажны вопратку сваю, і цярушылі пыл над галавамі сваімі к небу.

І сядзелі з ім на зямлі сем дзён і сем начэй, і ніхто не гаварыў яму ні слова; бо бачылі, што пакуты яго вельмі вялікія.
 
І сядзелі зь ім на зямлі сем дзён і сем ночаў і ніхто ня гукаў яму ані слова, бо бачылі, што боль ягоны надта вялікі.