Ёва 3 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Потым Ёў расчыніў вусны свае, і наракаў на дзень свой,
 
Просьле гэтага адчыніў Ёў вусны свае і пракляў дзень свой.

і казаў ён:
 
І адказаў Ёў, і сказаў:

«Хай згіне дзень, у які я нарадзіўся, і ноч, у якую было сказана: “Пачаўся чалавек”.
 
«Зьгінь дзень, у каторым я радзіўся, і ноч, у каторай сказалі: "Пачаўся мужчына!"

Хай дзень той пераменіцца ў цемру; хай не пытаецца пра яго Бог з вышыні, ды хай не будзе ён асветлены святлом.
 
Дзень тый хай будзе цемняю, хай ня соча яго Бог згары, і хай не зазьзяе над ім сьвятліня!

Хай зацемняць яго цемра і засень смерці, хай апануе яго змрок і хай агорнецца ён горыччу.
 
Багдай яго запляміла цемнь а сьцень сьмерці, багдай завалок яго булак, хай палохаюцца яго, як немарасьці дня!

Хай тую ноч падхопіць цёмная віхура, хай не дадасца яна сярод дзён года, хай не залічыцца сярод месяцаў.
 
Ноч тая, — багдай забрала яе цемнь, хай ня будзе палічана яна ў днёх году, хай ня ўвыйдзе ў лік месяцаў!

Хай тая ноч адасобіцца і не будзе годная хвалы;
 
Во! багдай ноч тая была адзінотная, багдай ня было пяцьця ў ёй!

хай наракаюць на яе тыя, што наракаюць на дзень, што гатовыя абудзіць левіятана.
 
Хай праклінуць яе праклінаючыя дзень, здольныя пабудзіць Левяфана!

Хай сцямнеюць зоркі яе світання; хай чакае святла, і не будзе [яго], ды хай не пабачыць яна веек зараніцы,
 
Хай зацьмеюць гвезды золку яе: хай выглядае яна сьвятліні, і яе няма, і хай не абача яна векаў дня,

бо яна не зачыніла ўваходу ўлоння, якое насіла мяне, і не ўхіліла злога ад вачэй маіх.
 
За тое, што не зачыніла дзьвярэй жывата майго, ані схавала немарасьці ад аччу маіх!

Чаму ж я не памёр ва ўлонні? [Чаму] выйшаўшы з чэрава, не згінуў адразу?
 
Чаму, выходзячы зь дзетніцы, я не памер, не сканаў вышаўшы із жывата?

Навошта быў прыняты каленямі? І навошта быў кормлены грудзьмі?
 
Чаму перанялі мяне калені? чаму было імне ссаць пелькі?

Цяпер вось маўчаў бы я ў супакоі і адпачываў бы ўва сне сваім
 
Цяпер бы ляжаў я й супачываў: спаў бы, і было б імне супакойна,

з царамі і ўладарамі зямлі, якія ствараюць сабе дамы магілы;
 
З каралямі а параднікамі зямлі, што забудовавалі сабе пустыні,

або з князямі, якія маюць золата і напаўняюць срэбрам дамы свае.
 
Альбо з князьмі, у каторых было золата, каторыя напаўнялі дамы свае срэбрам;

Або хай бы я не існаваў, бы патаемны выкідыш ці тыя, што, пачатыя, не ўбачылі святла.
 
Альбо, як ськінены плод пахаваны, я ня быў бы, як бязьлеткі, што не абачылі сьвятліні.

Там бязбожнікі больш не бунтуюцца, і там спачываюць змарнелыя сілай.
 
Там нягоднікі перастаюць немарасьціць, і там супачываюць высіленыя.

Там былыя вязні ўсе разам без турбот не чуюць крыку наглядчыка.
 
Там вязьні разам цешацца із супакою і ня чуюць крыкаў наглядніка.

Там [разам] малы і вялікі, і слуга, вольны ад пана свайго.
 
Малы й вялікі там ён, і слуга свабодны ад пана свайго.

Навошта беднаму даецца святло і жыццё тым, што жывуць у горычы душы?
 
Нашто дана сьвятліня стамаванаму, а жыцьцё гаркім душою,

Яны чакаюць смерці, а яна не прыходзіць, і, шукаючы, здабываюць яе больш рупліва, чым скарбы,
 
Каторыя ждуць сьмерці, і няма яе, што выкапалі б яе ахватней, чымся скарбы,

і радуюцца вельмі, і цешацца з магілы.
 
Узрадавіліся б аж да захапленьня, цешыліся б, што знайшлі гроб,

[Навошта святло] чалавеку, дарога якога ўтоена і якога Бог акружыў цемраю?
 
Нашто дана мужчыне, ад каторага дарога схавана, і каторага Бог агарадзіў?

Уздыханні мае апярэджваюць хлеб мой, і быццам бурлівыя воды стагнанні мае.
 
Бо перад хлебам маім уздыханьні мае, і выліліся, як вада, стогны мае;

Бо страх, якога я баяўся, прыйшоў да мяне, і тое, перад чым я трымцеў, настала.
 
Бо жахлівае, чаго я жахаўся, тое й стрэла мяне; і чаго я баяўся, тое й прышло да мяне.

Я не хаваўся, не маўчаў, не адпачываў, але прыйшло да мяне няшчасце».
 
Я ня быў у бясьпечнасьці ані меў супачынку, ані быў супакойны; і прышла немарасьць».