Ёва 7 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Хіба жыццё чалавека на зямлі — гэта не вайна, хіба дні яго — не як дні найміта?
Ці не ваяваньне мужу на зямлі, і ці ня дні ягоныя, як дні найміта?
Як нявольнік прагне ценю і як найміт чакае платы сваёй,
Як слуга жадае сьценя, і як найміт жджэць платы свае;
так і я меў месяцы мучэнняў і лічыў цяжкія ночы свае.
Так спалі імне месяцы марныя, і ночы немарасныя выдзелены імне.
Калі я засну, то буду гаварыць: “Калі ж я ўстану?” І зноў буду чакаць вечара і напоўнюся пакутамі аж да змяркання.
Як кладуся, то кажу: "Калі ўстану?" а вечар памераны, і я перасычаюся варочаньнямі да золку.
Цела маё пакрыта гніллём і брудам пылу, скура мая лопаецца і цячэ [гноем].
Цела мае адзета чэрвямі а брудам пылу, скура мая трэскаецца й стала агіднаю.
Дні мае прайшлі хутчэй, чым чаўнок ткацкі, і скончыліся, як кароткая нітка.
Дні мае баржджэйшыя за чаўнок, і канчаюцца без надзеі.
Памятай, што жыццё маё — подых ветру і маё вока не вернецца, каб пабачыць дабро.
Успомні, што жыцьцё мае — вецер, што вока мае ня зьвернецца бачыць добрае;
І не ўгледзіць мяне позірк чалавека; вочы Твае — на мяне, а мяне ўжо не будзе.
Не абача мяне вока таго, хто бачыў мяне; вочы Твае на мяне, — і няма мяне.
Як воблака марнее і знікае, так і той, хто сыдзе ў цемру, не падымецца.
Чэзьне булак і адходзе; так тый, што зыходзе да шэолю, ня ўзыходзе,
Ён не вернецца болей у дом свой, і месца яго болей яго не пазнае.
Ня зьвернецца болей да дому свайго, і не пазнае ўжо яго месца ягонае.
Таму і я не буду шкадаваць вуснаў маіх, буду прамаўляць у трывозе духу майго, буду гаварыць з горыччу душы маёй.
Ня буду ж я гамаваць вуснаў сваіх; буду гукаць у ўціску духа свайго; буду жаліцца ў гарчыні душы свае.
Ці ж мора я або пачвара марская, што паставіў Ты пры мне варту?
Ціж я мора альбо морскае дзіўства, што Ты пастанавіў над імною варту?
Калі скажу я: “Пацешыць мяне ложак мой, і забярэ пасцель мая”, —
Калі скажу: "Пацеша мяне пасьцеля мая, панясець ложак мой нараканьне мае";
Ты пачынаеш палохаць мяне снамі і трывожыш жахлівымі прывідамі.
Ты страшыш мяне снамі й відзенямі палохаеш мяне;
З гэтай прычыны душа мая выбірае самагубства, а косці мае — смерць.
Дык душа мая выбірае валей душэньне а сьмерць касьцём маім.
Я ў роспачы; жыць болей я ўжо не буду. Злітуйся нада мной, бо дні мае — нішто.
Агідла імне. Ня вечна ж жыць імне. Адступі ад мяне, бо дні мае марнасьць.
Што ёсць чалавек, што Ты ўзвялічваеш яго? Або што Ты схіляеш сэрца Сваё да яго?
Што такое чалавек, што Ты гэтулькі вывышаеш яго й зварачаеш на яго сэрца Свае,
Ты наведваеш яго на світанні і штохвілінна выпрабоўваеш яго.
Давядаешся да яго кажнае раніцы, кажную часіну прабуеш яго?
Дакуль жа не адвернеш Ты вачэй ад мяне? Няўжо не дазволіш мне [нават] праглынуць сліну маю?
Пакуль Ты не адвернешся ад мяне, не пакінеш мяне, пакуль не праглыну сьліны свае?
Зграшыў я, дык што маю зрабіць для Цябе, о Вартаўнік над людзьмі? Чаму ўчыніў Ты мяне непрыязным Табе і сам сабе я зрабіўся нязносны?
Я ізграшыў, то што я зраблю Табе, Вартаўніча людзкі? нашто Ты пастанавіў мяне мэтаю Сабе, так што я стаў самому сабе вялічны?
Чаму ж Ты не адпускаеш граху майго і чаму не здымаеш правіннасці маёй? Вось, цяпер я засну ў парахне; і калі назаўтра будзеш шукаць мяне, то не будзе мяне!»
І чаму б не забраць выступу майго й ня зьняць ізь мяне бяспраўя майго? бо, вось, я лягу ў пыл, і Ты будзеш золкам глядзець мяне, але ня будзе мяне».