Ёва 32 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І тыя тры чалавекі перасталі адказваць Ёву, бо ён выглядаў справядлівым у вачах сваіх.
 
І перасталі тры мужы гэныя адказаваць Ёву, бо ён справядлівы ў ваччу сваім.

Тады ўзгарэўся гневам Элію, сын Барахэля Бузіта, з роду Рамы. І загневаўся ён на Ёва, бо той казаў перад Богам, што ён справядлівы.
 
І ўзгарэўся гнеў Елігу Варахеленка Вузяніна, з радзімы Рамовае: на Ёва ўзгарэўся гнеў ягоны за тое, што ён праўдзіў душу сваю болей за Бога;

І загневаўся таксама на прыяцеляў яго, бо не знайшлі адказу [яму], але толькі вінавацілі Ёва.
 
А на трох прыяцеляў ягоных узгарэўся гнеў ягоны за тое, што яны не знайшлі адказу, а вінавалі Ёва.

Дык Элію перачакаў, калі Ёў гаварыў, бо тыя, што гаварылі, былі старэйшымі за яго.
 
Елігу ж чакаў із словамі сваімі ля Ёва, бо яны былі старшыя за яго гадамі.

Калі, аднак, Элію ўбачыў, што тыя тры не змаглі адказаць, тады дужа разгневаўся.
 
Але як абачыў Елігу, што нямаш адказу ў вуснах трох мужоў, тады ўзгарэўся гнеў ягоны.

І прамовіў у адказ Элію, сын Барахэля Бузіта: «Я малодшы за вас гадамі, вы ж старэйшыя, дзеля таго я саромеўся і баяўся выказваць вам сваю думку.
 
І адказаў Елігу Варахеленак Вузянін, і сказаў: «Малады я гадамі, а вы перастаркі; затым я быў нясьмелы й баяўся выказаць вам пагляд свой.

Я сказаў сам сабе: “Хай шаноўны ўзрост гаворыць, і хай доўгі век вучыць мудрасці”.
 
Я сказаў: "Дні хай гукаюць, і шматгодзьдзе хай азнаймляе мудрасьць".

Але, як бачу, дух ёсць у чалавеку і подых Усемагутнага дае разуменне.
 
Але запраўды ё дух у чалавеку, дых Усемагучага, што робе яго разумным.

Не шматгадовыя — мудрыя, і не старыя разумеюць праўду.
 
Не вялікія людзі мудрыцы ані старыя разумеюць суд.

Таму я скажу: “Паслухайце мяне, і нават я выкажу вам сваё разуменне.
 
Затым я скажу: "Паслухайце мяне, выкажу пагляд свой нават я".

Перачакаў я словы вашы, наставіў вушы на вашу мудрасць, пакуль вы шукалі [слоў],
 
Вось, я чакаў слоў вашых, я ўважліва прыслухаўся да разумных разважаньняў вашых, пакуль вы вышукаеце словы.

і стараўся, каб мне зразумець вас. Але, як бачу, няма такога, хто б мог аспрэчыць Ёва і хто б з вас мог адказаць на яго словы.
 
Я на вас уважаў, і вось, Ёву няма пераконуючага альбо няма меж вас адказуючых на словы ягоныя.

Каб часам вы не казалі: “Знайшлі мы мудрасць, Бог пакінуў яго, а не чалавек.
 
Каб вы не сказалі: "Мы знайшлі мудрасьць; Бог яго адпіхнуў, а не чалавек".

Не буду я рыхтаваць словы сабе, і я не паводле слоў вашых буду адказваць яму”.
 
Ён не зварачаў словаў сваіх да мяне, і я прамовамі вашымі не адкажу яму.

Яны спалохаліся, і не адказвалі болей, і адганялі ад сябе прамовы.
 
Яны ў сумятні, яны не адказуюць болей, здаліліся ад іх словы.

І паколькі я пачакаў, а яны не гаварылі, стаялі і болей не адказвалі,
 
І я чакаў, бо яны ня гукалі, бо яны адзяржаліся й не адказалі болей.

то і я адкажу ў сваю чаргу і выкажу сваю думку.
 
Адкажу нават я сваю часьць, выкажу пагляд свой нават я;

“Поўны я слоў, і сціскае мяне дух сэрца майго,
 
Бо я поўны словаў, дух у імне сіле мяне.

і нутро маё, як брага без адтуліны, якая разрывае новыя бутэлькі.
 
Вось, у імне, як віно неадаткнёнае, як новыя вінныя мяхі дзяруцца.

Няхай я скажу і крыху выпушчу дух, адкрыю вусны свае і дам адказ.
 
Я буду гукаць, і палягчэе імне; я адчыню вусны свае й адкажу.

Не буду звяртаць увагі на асобу, і ні перад адным чалавекам ліслівіць не буду.
 
Хай ня маю бачнасьці на якую асобу і ніякаму чалавеку ня буду падлыгаваць;

Ды я і не ўмею ліслівіць, бо зараз жа ўзяў бы мяне Творца мой.
 
Бо я ня ведаю як падлыгаваць — зараз зьнёс бы мяне Ўчыніцель мой.