Ёва 4 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
У адказ Эліфаз Тэманіт сказаў:
І адказаў Еліфаз Феманянін, і сказаў:
«Калі пачнём мы размаўляць з табою, можа, прыкра табе будзе, але пачатую размову хто зможа стрымаць?
«Калі паспробуем сказаць да цябе слова, — ці ня цяжка будзе табе? адылі, хто можа забараніць слова?
Вось, навучаў ты многіх і спрацаваныя рукі ўмацоўваў,
Вось, ты навучаў шмат каго, і кволыя рукі ты паддзержаваў,
словы твае ўмацавалі тых, што хісталіся, і каленям дрыжачым надаў ты сілы.
Таго, што спатыкнуўся, падыймалі словы твае, і калені, што гнуліся, ты сіліў.
А цяпер прыйшла да цябе бяда, і ты аслабеў, кранула цябе яна, і ты ўстрывожыўся.
А цяпер дайшло да цябе, і ты скволеў; дакранулася да цябе, і ты ўзрушаешся.
Страх твой перад Богам — хіба не надзея твая, дасканаласць шляхоў тваіх — хіба не спадзяванне тваё?
Ці ня мае быць боязьнь твая даверам табе, надзеяю тваёю а пасьцівасьцяй дарогаў тваіх?
Прыгадай, прашу цябе, хто бязгрэшны калі загінуў або калі знішчаны былі праўдзівыя?
Успомні ж, хто тый нявінны, што загінуў бы, і йдзе справядлівыя былі выкаранены?
І нават лепш сказаць: я бачыў, што тыя, хто чыняць несправядлівасць і сеюць пакуты — і пажынаюць іх,
Як я бачыў, тыя, што аралі бяспраўе й сеялі нягоднасьць, жнуць тое самое,
загінулі ад подыху Бога і звяліся духам гневу Яго.
Ад дзьмухненьня Божага гінуць і ад Духу гневу Ягонага чэзнуць.
Рыканне льва, і голас ільвіцы, і зубы львянят патрушчыліся.
Равеньне лява й голас лявіцы моўкнуць, і зубы левянят крышацца;
Леў загінуў, бо не меў здабычы, і львяняты пагубляліся.
Стары леў гіне без здабытку, і дзеці лявіцы рассыпаюцца.
Потым да мяне таемна данеслася слова, і вуха маё прыняло яго ціхі голас.
І вось, цікаючыся, прышло да мяне слова, і вуха мае прыняло штось ад яго.
У жаху начных прывідаў, калі звычайна людзей сон агартае,
Сярод думак праз ночныя відзені, як сон мора людзёў,
ахапіў мяне страх і трымценне, так што ўсе косці мае агарнуліся жахам.
Агарнуў мяне жах а дрыгота, і шмат касьцей маіх зьлякаў.
І, калі дух праходзіў у маёй прысутнасці, дыбам сталі валасы на целе маім.
І дух прайшоў над імною; дубка сталі валасы ў мяне.
І стаў нехта, але я не пазнаў вобліку яго, — здань перад вачамі маімі, — і пачуў я голас, быццам лёгкага ветру:
Ён стаў, — але я ня мог пазнаць выгляду ягонага, — абраз быў перад ачыма маімі; цішыня, тады я пачуў голас:
“Ці можа чалавек быць справядлівейшым за Бога, або ці будзе муж чысцейшым за свайго Творцу?
"Ціж можа чалавек быць справядліўшы за Бога? ці можа мужчына быць чыстшы за тога, хто яго ўчыніў?
Вось, не мае Ён надзеі ў паслугачах Сваіх і ў анёлах Сваіх знаходзіць сапсаванасць.
Нават слугам Ён сваім не давярае, і ў вангілах Сваіх Ён цяме заганы;
Наколькі ж болей — тыя, што жывуць у гліняных дамах, падмурак якіх стаіць у парахне. Звядуцца яны, быццам моль!
І пагатове жывучыя ў гліняных дамох, каторых под у парахне, каторыя крышацца, як ад молі.
Ад раніцы да вечара яны занепадаюць і, паколькі ніхто не заўважае, згінуць навечна.
З раньня да вечара яны раскладаюцца, і бяз увагі на іх на векі гінуць.
Ці не выдаляецца ад іх і маёмасць іх, што засталася? Яны памруць, ды не з мудрасцю”.
Ці не аддаляюць перавагу іхную ў іх? Паміраюць яны, ды бяз мудрасьці".