Ёва 6 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
У адказ Ёў сказаў:
І адказаў Ёў, і сказаў:
«О, каб узважылі гора маё і няшчасце маё паклалі побач на шалях!
«О, калі б зважылі, зважылі ўзрушаньне мае а няшчасьце мае, на вазе яны падняліся б разам;
Цяпер яно, пэўна, цяжэйшае за пясок марскі, таму хістаюся я ў словах маіх.
Бо, вось, за пясок морскі яны цяжшыя; затым словы мае шпаркія;
Бо стрэлы Усемагутнага ўва мне, і атруту іх п’е дух мой, і страхі Божыя ваююць супраць мяне.
Бо стрэлы Ўсемагучага ў імне, як іх п’ець дух мой; жахі Божыя ваююць із імною.
Ці будзе асёл раўці, калі ў яго будзе трава? Або ці ж будзе мыкаць вол, калі будзе стаяць пры поўных яслях?
Ці рыкае дзікі асёл на траве? ці рыкае вол ля пошару свайго?
Або ці можна з’есці прэснае — тое, што не пасолена? Або ці ёсць смак у яечным бялку?
Ці ядуць што нямаючае смаку бяз солі, і ці ё смак у бялку яйца?
Тое, да чаго раней не хацела дакрануцца душа мая, цяпер, у бядзе, сталася ежай для мяне.
Да чаго адмаўлялася даткнуцца душа мая, тое складае агідную ежу маю.
Хто зробіць, каб дайшла просьба мая і каб даў мне Бог тое, чаго чакаю?
Хто б здойсьніў жаданьне мае, і спадзевы мае споўніў Бог!
О, каб жа Бог раструшчыў мяне; хай працягне Ён руку Сваю і заб’е мяне!
О, калі б зычыў Бог і скрышыў мяне, выцягнуў руку Сваю й сьцяў мяне.
Хай гэта будзе мне суцяшэннем, і я ўзрадуюся нават у няшчасці, хай яно нават не скончыцца, і не ўхілюся я ад слоў Святога.
Гэта яшчэ было б пацехаю імне, я нават быў бы ў захапленьню ў безьміласэрным болю, бо я не адрокся словаў Сьвятога.
Што за моц мая, каб вытрываць? Або што за канец мой, каб жыць і цярпець?
Што за сіла ў мяне, каб спадзявацца імне? і які канец, каб я прадоўжыў жыцьцё свае?
Хіба моц каменя — гэта моц мая? Хіба цела маё меднае?
Ці мацніня каменьня — мацніня мая, ці целя мае бронза?
Няўжо няма мне ўспамогі ўва мне і мужнасць таксама аддалілася ад мяне?
Ці ёсьць у імне помач імне, і ці ратунак адапхнёны ад мяне?
Хто пазбаўляе сябра свайго міласэрнасці, той пагарджае павагай да Усемагутнага.
Млеючаму належа ласка ад прыяцеля ягонага, хоця б пакінула яго боязьнь Усемагучага.
Браты мае падманулі мяне, як рэчышчы ручаёў, якія марнеюць,
Але браты мае ізрадзілі; бы цурок, як быстра цякучыя ручаі, прайшлі яны,
чарнеючы, чарнеюць ад лёду, калі раптам спаў на іх снег.
Што чорныя ад лёду, і ў каторых хаваецца сьнег;
А ў час, калі расцякаюцца, яны перасыхаюць і, калі становіцца цёпла, знікаюць са свайго месца.
Як цяплее, яны менеюць, і ў гарачыню чэзнуць ізь месцаў сваіх.
Збіваюцца са шляхоў сваіх многія вандроўнікі; тыя, што ідуць праз пустыню, гінуць.
Адхінаюць яны сьцежкі дарогаў сваіх, узыходзяць да пусьціні й гінуць;
Караваны Тэмы ўглядаюцца [у іх], вандроўнікі Сабы спадзяюцца на іх,
Глядзяць на іх дарогі Фемайскія, спадзяюцца на іх дарогі Шэвейскія,
пасаромеліся яны, што спадзяваліся; прыйшлі туды і агарнуліся сорамам.
Засаромленыя, што спадзяваліся; прыходзяць туды — і засаромлены.
Такія і вы зрабіліся для мяне цяпер, бачачы няшчасце маё, баіцеся.
Бо вы цяпер сталі нічым; абачылі страшнае й спалохаліся.
Ці ж я сказаў: “Прынясіце мне і абдаруйце мяне чымсьці з маёмасці вашай”
Ці казаў я: "Прынясіце імне, альбо з дастаткаў дайце лапана за мяне.
або: “Вызваліце мяне з рукі ворага ды вырвіце мяне з рукі магутных”?
І выбаўце мяне ад рукі ўцісканьніка, і ад рукі мукара выкупіце мяне"?
Навучыце мяне, а я памаўчу, і, калі чаго не ведаю, растлумачце мне.
Наўчыце мяне, і я замоўкну; у чым я абмыліўся, зьясьніце імне.
Чаму вы аддаляецеся ад слоў праўды? Бо няма між вамі нікога, хто б мог дакараць мяне.
Якія моцныя словы справядлівасьці! але што даводзяць вінаваньні вашы?
Вы будуеце прамову толькі дзеля наракання, але словы вашыя безнадзейныя — на вецер.
Ці ўпікаць словамі вы думаеце? на вецер жа казаньне безнадзейнага?
На сірату вы нападаеце і намагаецеся абвергнуць сябра вашага.
І пагатове, што вы нападаеце на сірату і капаеце яму прыяцелю свайму.
Цяпер, прашу, павярніцеся да мяне, бо перад абліччам вашым не скажу няпраўды.
А цяпер, ці ня зычыце вы абярнуцца да мяне; ці буду я маніць перад відзеньням вашым?
Зважайце! Не будзе тут няшчырасці. Зважайце! Дагэтуль са мною справядлівасць мая.
Абярніцеся ж, ці ё няпраўда? абярніцеся — справядлівасьць мая ёсьць у гэтым.
Хіба ёсць на языку маім няшчырасць? Ці ж пабнябенне маё не распазнае нягоднасці?
Ці ё на языццэ маім несправядлівасьць? Нягож паднябеньне мае ня сьцяме выкрыўленага?