Ёва 38 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Тады Госпад з віхуры сказаў Ёву ў адказ:
 
І адказаў ГОСПАД з віхуры, і сказаў:

«Хто гэта, што неразумнымі словамі зацямняе задуму?
 
«Хто гэта, што неразумнымі словамі зацямняе задумы Мае?

Перапаяшы, як мужчына, сцёгны свае, і Я буду пытацца ў цябе, і ты тлумач Мне.
 
Падперажы, як мужчына, паясьніцу тваю, і Я буду пытацца ў цябе, і ты тлумач Мне.

Дзе ты быў, калі Я закладваў падмурак зямлі? Адкажы Мне, калі маеш розум.
 
Дзе ты быў, калі Я закладваў падваліны зямлі? Адкажы Мне, калі маеш веды?

Хто даў меру ёй, ці ты ведаеш? Або хто працягнуў над ёй вяроўку мерную?
 
Хто даў меру ёй, ці ты ведаеш? Або хто працягнуў над ёй вяроўку мерную?

На чым замацавана апірышча яе? Або хто залажыў кутні камень яе,
 
На чым замацаваны падваліны яе? Або хто залажыў кутні камень яе,

калі гаманілі разам зоркі раннія і калі радасна цешыліся ўсе сыны Божыя?
 
калі гаманілі з радасьцю зоркі ранішнія, і калі радасна ўсклікалі ўсе сыны Божыя?

Хто зачыніў мора брамамі, калі вырывалася яно, нібы з улоння выходзячы,
 
Хто зачыніў мора брамамі, калі вырывалася яно, [нібы] з улоньня выходзіла;

калі апранаў у хмары яго і ў імглу яго, як у пялёнкі, спавіваў?
 
калі апранаў у хмары яго, і ў імглу, як у пялёнкі, спавіваў?

Я акрэсліў яго сваімі межамі і паставіў загарадку і брамы,
 
Я паставіў мору межы ейныя, і паставіў загарадкі і брамы,

і сказаў: “Дасюль дойдзеш, а далей не пяройдзеш, і тут разаб’еш узбураныя хвалі твае”.
 
і сказаў: “Дасюль дойдзеш, а далей не пяройдзеш, і тут спыніш узбураныя хвалі твае”.

Ці загадваў ты па днях сваіх світанню і ці вызначаў зараніцы месца яе,
 
Ці ты загадваў у дні твае сьвітаньню і ці вызначаў зараніцы месца яе,

і, калі б ты трымаў за канцы зямлю, ці выкалачаны былі б бязбожнікі з яе?
 
каб ахапіла яна канцы зямлі, і каб вынішчаны былі на ёй бязбожнікі,

Той, хто пад пячаткай, зменіцца, як гліна, і стане, як адзенне каляровае.
 
каб [зямля] зьмянілася як гліна пад пячаткай, і сталася, як адзеньне каляровае,

Будзе забранае ў бязбожных святло іх, і зламаецца рука ўзнесеная.
 
каб забранае было ад бязбожных сьвятло іхняе і зламанае рамяно ўзьнесенае?

Ці даходзіў ты да крыніц мора, і ці хадзіў па дне бяздоння?
 
Ці ты даходзіў да крыніцаў мора, і ці ты хадзіў па дне бяздоньня?

Ці адкрытыя былі табе брамы смерці, і ці бачыў ты дзверы цемры?
 
Ці адкрытыя былі табе брамы сьмерці, і ці бачыў ты дзьверы цемры сьмяротнай?

Ці аглядаў ты абшары зямлі? Раскажы Мне, калі ведаеш усё.
 
Ці аглядаў ты абшары зямлі? Раскажы Мне, калі ведаеш усё гэта.

Пры якой дарозе святло жыве, і дзе месца цемрадзі,
 
Пры якой дарозе жыве сьвятло, і дзе месца цемры,

каб давёў ты кожнае паасобку да межаў сваіх і зразумеў шляхі дому яго?
 
каб завесьці яе да межаў ейных, і ведаць сьцежкі да дому яе?

Ты ведаеш, бо тады ты быў ужо народжаны, і лічба дзён тваіх вельмі вялікая!
 
Ты ведаеш, бо тады ты быў ужо народжаны, і лік дзён тваіх вельмі вялікі!

Ці даходзіў ты да сховішча снегу і ці бачыў ты сховішчы граду,
 
Ці ты даходзіў да сховішча сьнегу і ці бачыў сховішча граду,

якія падрыхтаваў Я на час гора і на дзень бою і вайны.
 
які Я падрыхтаваў на час гора і на дзень бою і вайны?

Па якім шляху разліваецца святло, разыходзіцца палючы вецер па зямлі?
 
Па якім шляху разьліваецца сьвятло і разыходзіцца вецер палючы па зямлі?

Хто вызначыў накірунак самай гвалтоўнай навальніцы і шлях для грымотнай маланкі,
 
Хто вызначыў пратоку для навальніцы і шляхі для маланкі і грымотаў,

каб ліў дождж на зямлю бязлюдную, у пустыні, дзе няма ніводнага са смяротных,
 
каб ліў дождж на зямлю бязьлюдную, на пустыню, дзе няма ніводнага чалавека,

каб насыціць бездарожжа і пустэчу і каб вырасціць траву на засохлай зямлі?
 
каб насыціць [вадою] пустыню і пушчу, і каб вырасьціць траву [на засохлай зямлі]?

Хто ёсць бацька дажджу? Або хто нарадзіў кроплі расы?
 
Хто ёсьць бацькам дажджу? Або хто нарадзіў кроплі расы?

З чыйго нутра нарадзіўся лёд, і хто нарадзіў іней на небе?
 
З чыйго нутра выйшаў лёд, і хто родзіць шэраш на небе?

Як камень, вада цвярдзее, і паверхня бяздоння сціскаецца.
 
Як камень вада цьвярдзее, і аблічча бяздоньня замярзае.

Ці здолееш злучыць шэраг зорак Пляядаў або ці зможаш развязаць пояс Арктура?
 
Ці ты можаш зьвязаць зьвязы Стажар’я, і ці можаш разьвязаць вузел Касцоў?

Ці выведзеш Паўночную Карону ў свой час, і Мядзведзіцу з сынамі ты павядзеш?
 
Ці ты выведзеш зорку ранішнюю ў свой час, і ці Воз з сынамі ягонымі накіруеш?

Ці ведаеш ты законы неба і ці можаш напісаць іх на зямлі?
 
Ці ты ведаеш законы неба, і ці можаш напісаць іх на зямлі?

Ці ўздымеш свой голас да хмар, і каб хвалі вады накрылі цябе?
 
Ці можаш падняць голас твой да аблокаў і хвалямі вады накрыць сябе?

Ці пашлеш ты бліскавіцы, і ці пойдуць яны і скажуць табе: “Мы тут”?
 
Ці можаш паслаць бліскавіцы, і ці пойдуць яны, і ці скажуць табе: “Вось мы!”

Хто ўклаў у нутро ібіса мудрасць, і хто пеўню даў розум?
 
Хто ўлажыў у нутро ібіса мудрасьць, і хто пеўню даў розум?

Хто з мудрасцю размяркуе хмары, і хто зрушыць бурдзюкі нябесныя,
 
Хто мудрасьцю лічыць хмары, і хто можа нахіліць начыньні нябесныя,

калі пыл становіцца цвёрдай зямлёй, а глеба зліпаецца?
 
калі пыл цьвярдзее ў камяні, замяняецца ў груды?

Ці львіцы ты наловіш здабычы і душы львянят яе задаволіш,
 
Ці ты для ільвіцы наловіш здабычы, і голад ільвянятаў задаволіш,

калі яны вылежваюцца ў логавах або ў гушчары пільнуюць у засадзе?
 
калі яны вылежваюцца ў логвах сваіх, або ў гушчары цікуюць?

Хто гатуе крумкачу страву яго, калі дзеці яго, туляючыся, клічуць да Бога, бо не маюць ежы?
 
Хто гатуе крумкачу страву ягоную, калі дзеці ягоныя клічуць да Бога і блукаюць бяз ежы?