Псалтыр 6 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах, на актаву. Псальм Давіда.
Кіраўніку хору. Для струнных іструментаў. На актаву. Псальм Давідаў.
ГОСПАДЗЕ, у гневе Тваім не карай мяне і ў ярасьці Тваёй не вучы мяне!
Госпадзе, не выкрывай мяне ў гневе Тваім, і не асуджай мяне ў абурэнні Тваім.
Зьлітуйся нада мною, ГОСПАДЗЕ, бо я нядужы; аздараві мяне, ГОСПАДЗЕ, бо трымцяць косткі мае,
Пашкадуй мяне, Божа, бо я кволы; ацалі мяне, Божа, бо трасуцца косці мае.
і душа мая трымціць вельмі. О, ГОСПАДЗЕ, дакуль?
І душа мая надта ўстрывожана, а Ты, Госпадзе, дакуль жа?
Павярніся, ГОСПАДЗЕ, выратуй душу маю, збаў мяне дзеля міласэрнасьці Тваёй!
Павярніся, Госпадзе, вызвалі душу маю; уратуй мяне дзеля міласэрнасці Тваёй.
Бо ў сьмерці няма памяці пра Цябе, і ў пекле хто будзе славіць Цябе?
Бо не ёсць у смерці той, хто помніць Цябе, а ў пекле хто ж будзе Цябе славіць?
Я зьнямогся ад уздыханьня майго; штоноч паліваю я ложак мой, сьлязьмі паліваю пасьцель маю.
Замучыўся я ў стагнанні маім, штоноч абмываў я ложак свой, слязьмі сваімі пасцель сваю паліваў.
Ад тугі высахла вока маё, састарэлася праз усіх, хто ўціскае мяне.
Змарнела ў жальбе вока маё, састарэў я сярод усіх непрыяцеляў маіх.
Адступіцеся ад мяне, усе злачынцы, бо ГОСПАД пачуў голас плачу майго.
Адступіцеся ад мяне ўсе тыя, што чыніце злачынства, бо Госпад пачуў голас плачу майго.
ГОСПАД пачуў маленьне маё, ГОСПАД прыняў малітву маю.
Госпад пачуў маленне маё, бо прыняў Госпад малітву маю.
Няхай будуць асаромленыя ворагі мае і няхай затрымцяць моцна, няхай павернуцца назад і будуць імгненна асаромленыя.
Хай жа пасаромяцца і будуць моцна стурбаваныя ўсе непрыяцелі мае; няхай навернуцца і пасаромяцца вокамгненна.