Псалтыр 5 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава
Кіроўцу хору. На духавых. Псальма Давідава.
Кіраўніку хору: на трубах. Псальм Давідавы.
Пачуй, Госпадзе, словы мае, зразумей мае помыслы.
Выслухай словы мае, Ягова, зваж на стагнаньні мае.
Дай увагі енку скаргі маёй, Цару мой і мой Божа! Я малюся Табе.
Зваж на голас галашэньня майго, Валадару мой і Божа мой, бо да Цябе малюся.
Госпадзе! раніцай голас пачуй мой, — раніцай стану прад Табою і буду чакаць.
Спазаранку пачуй, Ягова, голас мой; на досьвітку стану ў малітве перад Табою і буду чакаць.
Бо Ты, Божа, беззаконьняў ня любіш; ліхадзей пры Табе не аселіцца;
Бо Ты ёсьць Бог, Якому нядаспадобы ганьба; ліхому нельга быць пры Табе!
бязбожнікі прад вачыма Тваімі ня выстаяць: Ты ненавідзіш усіх ліхадзеяў.
Самаўпэўненыя ня ўстояць перад вачыма Тваімі; усіх злачынцаў Ты нянавідзіш.
Ты загубіш усіх ашуканцаў; крыважэрцамі і падступнымі Гасподзь пагарджае.
Ты выгубляеш ілжывых; крыважэрнымі і ашуканцамі брыдзіцца Ягова.
А я, зь вялікай ласкі Тваёй, увайду ў харомы Твае, пакланюся храму сьвятому твайму богабаязна.
Але я, праз вялікую міласэрнасьць Тваю, увайду да Дому Твайго і — у страху Тваім — пакланюся Сьвятыні Тваёй.
Госпадзе! вядзі мяне па дарозе ў праўдзе Тваёй, на супастатаў маіх; спрастуй перада мною дарогу Тваю.
Ягова, вядзі мяне ў справядлівасьці Тваёй дзеля ворагаў маіх, выпрастуй шлях Твой перада мною.
Бо ў іх вуснах праўды няма: сэрца іхняе — згубнасьць, горла іхняе — дамавіна адчыненая, лісьлівяць яны языком сваім.
Бо нямашака шчырасьці ў вуснах іхных, сэрца іхнае — загуба, горла іхнае — магіла адкрытая, язык свой яны робяць гладкім.
Асудзі іх, Божа! Няхай прападуць ад намыслаў сваіх; за ліхадзействы вялікія адкінь іх, бо яны ўзбунтаваліся на Цябе.
Засудзі іх, Божа! няхай яны загінуць ад заду́маў сваіх! за мноства злачынстваў іхных адкінь іх, бо яны ўзбунтаваліся супраць Цябе.
А ўсе, хто на Цябе спадзяецца, будуць радавацца вечна; і Ты будзеш іх асланяць; і будуць хваліцца Табою тыя, хто любіць імя Тваё.
Няхай радуюцца ўсе, што спадзяюцца на Цябе; хай весяляцца навекі, бо Ты іх бароніш; і хай узрадуюцца ў Табе тыя, што любяць Імя Тваё.
Дабраслаўляеш Ты, Госпадзе, праведніка; упадабаньнем, нібы шчытом, ахінаеш яго.
Бо Ты, Ягова, багаслаўляеш справядлівага, і зычлівасьцю Тваёю, нібы шчытом, асланяеш яго.