Ёва 11 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І адказваў Сатар Нааміцянін і сказаў:
 
І адказаў Цафар з Наамы, і сказаў:

хіба на мноства слоў нельга даць адказу, і хіба чалавек шматслоўны мае рацыю?
 
«Ці ж таму, хто шмат гаворыць, нельга адказаць, або ці чалавек гаваркі апраўдаецца?

Пустаслоўе тваё ці ж прымусіць маўчаць мужоў, каб ты глуміўся, і ня было каму прысароміць цябе?
 
Ці ж пустая гаворка твая прымусіць людзей маўчаць, і ня будзе каму асароміць цябе?

Ты сказаў: меркаваньне маё правільнае, і чысты я ў вачах Тваіх.
 
Бо ты сказаў: “Слушная рада мая, і чысты я ў вачах Тваіх”.

Але калі б Бог загаварыў і растуліў вусны Свае дзеля цябе
 
Але калі б Бог прамовіў слова, і адкрыў вусны Свае да цябе,

і адкрыў табе таямніцы мудрасьці, што табе ўдвая больш належала перацерпець! Дык вось ведай, што Бог дзеля цябе некаторыя з тваіх беззаконьняў аддаў забыцьцю.
 
і адкрыў табе таямніцы мудрасьці, што вышэй за ўсякае разуменьне! І ты даведаешся, што Бог забыўся пра беззаконьні твае.

Ці можаш ты дасьледаваньнем знайсьці Бога? Ці можаш цалкам спасьцігнуць Усеўладнага?
 
Ці можаш ты сьцяміць глыбіні Божыя, і ці можаш дайсьці да межаў Усемагутнага?

Ён вышэйшы за нябёсы, — што можаш зрабіць? глыбейшы за апраметную, — што можаш даведацца?
 
Бо Ён — вышэйшы за неба, і што ты зробіш? Ён — глыбейшы за пекла, і як ты нешта будзеш ведаць?

Даўжэйшая за зямлю мера Ягоная і шырэйшая за мора.
 
Даўжэйшая за зямлю мерка Ягоная і шырэйшая за мора.

Калі Ён прыйдзе і замкне каго-небудзь у кайданы і паставіць на суд, дык хто адхіліць Яго?
 
Калі Ён праходзіць, хто Яго спыніць? Калі ставіць на суд, хто запярэчыць Яму?

Бо Ён ведае людзей манлівых і бачыць беззаконьне, і ці ж пакіне яго без увагі?
 
Бо Ён ведае марнасьць чалавечую і бачыць злачынствы, і ўсё заўважае.

Але пусты чалавек мудруе, хоць чалавек нараджаецца падобна дзікаму асьляняці.
 
І чалавек пусты стане разважлівым, хоць і нараджаецца ён, як асёл дзікі.

Калі ты ўправіш сэрца сваё і працягнеш да Яго рукі твае,
 
Калі ты ўмацуеш сэрца тваё і да Яго ўзьнясеш рукі твае,

і калі ёсьць загана ў руцэ тваёй, а ты выдаліш яе і не дасі беззаконьню жыць у намётах тваіх,
 
калі беззаконьне, што ў руцэ тваёй, ты адкінеш і ня будзе месца няпраўдзе ў намёце тваім,

дык падымеш незаплямлены твар твой і будзеш цьвёрды і ня будзеш баяцца.
 
тады ты падымеш аблічча тваё без правіны, і будзеш моцны, і ня будзеш баяцца.

Тады забудзеш гора: як пра ваду, што працякла, будзеш успамінаць пра яго.
 
Бо ты забудзешся на гора тваё, і ўзгадаеш пра яго, як пра дождж, што мінуў.

І ясьней за полудзень пойдзе жыцьцё тваё; прасьветлішся, як раніца.
 
І жыцьцё тваё будзе як сьвятло апоўдні, і цемра заясьнее, як сьвітаньне.

І будзеш спакойны, бо ёсьць надзея; ты аслонены і можаш спаць у бясьпецы.
 
І будзеш ты пэўны, бо маеш надзею, і глянеш наўкола, і будзеш спаць спакойна.

Будзеш ляжаць, і ня будзе застрашніка, і многія будуць ласьціцца да цябе.
 
Будзеш адпачываць, і ніхто ня будзе палохаць цябе, і многія будуць шукаць аблічча твайго.

І вочы беззаконьнікаў растануць, і прыстанішча прападзе ў іх, і надзея іхняя шчэзьне.
 
А вочы бязбожных сасьлепнуць, і ня будуць яны мець прытулку, і надзея іхняя — стогн душы».